Юрыст павінен быць граматным, адказным, прыстойным

Новости Общество

Правая рука старшыні суда

Штогод у першую нядзелю снежня ў нашай краіне адзначаецца Дзень юрыста. Свята аб’ядноўвае юрыстаў розных сфер дзейнасці – суддзяў, адвакатаў, натарыусаў, юрысконсультаў – тых, хто абараняе правы і законныя інтарэсы юрыдычных асоб і грамадзян. Дзень юрыста па праву лічыць сваім прафесійным святам і вядучы спецыяліст суда Шумілінскага раёна Вольга Сівіцкая.


Некалькі дзён таму Вольга Сівіцкая прыехала з атэстацыі, якую па абавязку службы здае ў Віцебскім абласным судзе раз у тры гады. Прайшла як заўжды паспяхова. Прыехала і адразу ўзялася за справы, якіх у спецыяліста хапае. Яна вядзе ў судзе кадравую работу, адказвае за базу аўтаматызаванай і інфармацыйнай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, якая патрабуе своечасовага і дакладнага ўнясення звестак з уступіўшых у сілу рашэнняў і пастаноў судоў. Да ўсяго ў Вольгі ёсць і грамадская нагрузка – яна старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.
Але юрыста такі аб’ём работы ніколькі не пужае. І яна шчыра прызнаецца, што любіць работу і вельмі ўдзячная маці, якая ў свой час адгаварыла дачку паступаць у педагагічны на настаўніка, бо бачыла ў дзяўчыне іншую схільнасць і патэнцыял. Як пацвердзілася, юрыспрудэнцыя – менавіта тая сфера дзейнасці, якая ёй цікавая як ніякая іншая.
Пасля заканчэння юрфака Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольга Сівіцкая 9 год адпрацавала ў Шумілінскім райспажыўтаварыстве на розных пасадах юрыдычнага кшталту, набіралася практычнага вопыту. У 2015 годзе ўніклівага і кампетэнтнага юрыста, якая не раз прымала ўдзел у пасяджэннях суда ад імя райпо, прыгледзела старшыня суда Алена Сініцкая і за-прасіла на работу.
«Юрыст павінен быць такім, як Вольга, – характарызуе калегу суддзя Алена Сініцкая. – Граматным, адказным, прыстойным, уседлівым, гатовым пастаянна вучыцца, асвойваць новае і кансультаваць іншых, валодаць не толькі высокімі прафесійнымі якасцямі, але і асабістымі».
У судзе Шумілінскага раёна Вольгу Сівіцкую называюць правай рукой старшыні суда – ёй можна даверыць самы адказны і складаны ўчастак работы, і яна якасна і прафесійна выканае справу. Сама ж Вольга лічыць, што быць юрыстам – вялікі гонар і вялікая адказнасць.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №94 ад 03.12.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *