В ходе рейда по неблагополучным семьям в приют забрали 6 детей

Общество

6 дзяцей забралі ў ходзе рэйду
У пятніцу, 10 лютага, камісія па справах непаўналетніх райвыканкама арганізавала рэйд. Асноўнай задачай стала праверка бяспекі жыцця дзяцей падчас моцных маразоў у некаторых сем’ях.
“Гэта паўторны рэйд, — адзначыла намеснік старшыні камісіі Л. А. Грузневіч, — на гэты раз у полі зроку сем’і, якія прапанавалі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях”.
Карэспандэнт раённай газеты разам са спецыялістам камісіі па справах непаўналетніх, участковым інспектарам і супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях накіраваўся па сем’ях Сіроціна і Мішневіцкага сельсавета.
У Сіроціне завіталі да грамадзянкі П. (дарэчы, сям’я П. не знаходзіцца у спісах як неблаганадзейная) – мнагадзетнай маці. Пабачылі карціну, ад якой жахнуліся: у хаце холадна, амаль як на вуліцы. Маці з малым, якому няма трох гадкоў, грэлася пад коўдрай на ложку… Антысанітарыя. Адна печка, па словах маці, абагрэць увесь дом не можа, а другую разабралі яшчэ летам.  Ды і як тая печка абагрэе, калі няма дроў. Ёсць толькі крыху  дошак. Рашэнне камісіі было адназначным: забраць малога ў дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы.
А вось другая сіроцінская сям’я парадавала. Так, вялікага парадку і тут не ўбачылі. Але дроў уволю, ды і электраправодку пачалі рамантаваць. Змены пасля папярэдняга рэйду станоўчыя.
На чарзе – сем’і з Мішневіч, Жданоўкі, Старыновіч. Бацькі паклапаціліся пра дровы, у хатах цёпла, дарослыя – цвярозыя. Зразумела, заўвагі па пажарнай бяспецы ёсць, але ж гаспадары спрабуюць іх вырашаць.
Накіроўваемся ў Запалянку. Грамадзянка Б. выхоўвае чатырохгадовага сына, сям’я таксама не стаіць на ўліку як неблаганадзейная. Па дарозе сустракаем маці і бабулю, нецвярозых. Яны вяртаюцца да дому з Шуміліна. Разам з прадуктамі ў сумках віно, гарэлка. Яшчэ на дарозе бабуля амаль з кулакамі і лаянкай накінулася на камісію, каб “не перашкаджалі ёй жыць”. Дома заспелі бацьку з малым. Мужчына прызнаўся, што выпіў бутэльку піва. З ім у адрозненне ад жанчын можна было размаўляць, ён прасіў не забіраць малога. Камісія вырашыла ратаваць хлопчыка ад нецвярозых маці і бабулі: прапанавала  адвезці малога з бацькам у Роўнае, дзе жывуць іх сваякі.
“Рэйд атрымаўся неадназначным — падсумоўвае вынікі Л. А. Грузневіч, — было абследавана 64 сям’і па ўсяму раёну. Шэсць дзяцей з чатырох сямей вымушаны былі забраць. Па выніках рэйду ўсе праблемныя сем’і пастаўлены на ўлік як неблаганадзейныя, а бацькі выкліканы на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх”.
P.S. Як расказала Л. А. Грузневіч, у панядзелак камісія па справах непаўналетніх райвыканкама наведала сем’і, у якіх забралі дзяцей. У Сіроціне ў гаспадыні ўжо была амаль складзена новая печка, яшчэ ля адной хаты з’явіліся дровы…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №15 ад 21.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *