Мама, папа и 5 сыновей = семья Усовых

Общество Семья

Побач – цэлае войска клапатлівых памочнікаў!

Сёлета Вольгу Усаву з Шуміліна ўзнагародзілі ордэнам Маці

Вольга і Андрэй Усавы пра вялікую сям’ю не марылі, думалі, што спыняцца на двух дзецях. Але сёння, гледзячы на сваіх пяцярых сыноў, бацькі свецяцца ад шчасця і гонару.

– Цяжка толькі з першым дзіцём, а потым колькасць не мае значэння, – кажа Вольга. – Яны ў нас добрыя, адкрытыя, заўсёды гарой адзін за аднаго. Старэйшыя падраслі і сталі надзейнымі памочнікамі нам з мужам.
Вольга заўсёды марыла пра дачку, але жыццё распарадзілася інакш.
– Без дзяўчынак нам нават лепш, – заявіў 10-гадовы Захар.
Старэйшаму сыну Ільі ўжо 21 год, ён жыве асобна ад бацькоў. Малады чалавек працуе ў аддзяленні дэпартамента аховы і адначасна вучыцца ў філіяле акадэміі сувязі. Ніколі не выпускае магчымасці паспытаць мамчынага супу, заходзіць у госці да бацькоў. 17-гадовы Максім – выпускнік. З паступленнем пакуль не вызначыўся: выбірае паміж ПДУ і ВДУ імя П. М. Машэрава. Хлопец дадаткова займаецца па фізіцы, збіраецца быць праграмістам. Ён і з малодшымі ўрокі робіць, і на стол, калі трэба, накрые.
– Магу бульбы зварыць, бліны ці дранікі спячы, суп згатаваць. Арыентуюся на запыты братоў. Ды і мама пасля працы стомленая прыходзіць – хочацца яе парадаваць, – разважае клапатлівы сын.
У Шуміліна сям’я перабралася з аграгарадка Амбросавічы. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы, у іх распараджэнні зараз ёсць дзве кватэры. Звыклыя да сельскага жыцця, Усавы і ў райцэнтры разбілі невялікі агарод. Затое да стала заўсёды ёсць свая гародніна, кампоты, нарыхтоўкі.
Глава сям’і Андрэй працуе на прадпрыемстве «Вітконпрадукт», Вольга – у раённай паліклініцы. У іх мікрараёне жывуць галоўным чынам маладыя шматдзетныя сем’і, шмат хто – з сельскай мясцовасці. Усе адзін аднаму дапамагаюць. Жанчыны разбілі пад вокнамі кветнікі. Мужчыны разам з дзецьмі летнімі вечарамі гуляюць у футбол.
Новы год Усавы заўсёды сустракаюць дома, сваёй сям’ёй. Ставяць ёлку, упрыгожваюць кватэру. Дзеці робяць заказы маме на святочны стол, чакаюць падарункаў ад Дзеда Мароза. Захар развучвае новую мелодыю на баяне – сёлета паступіў у музычную школу.
– Я ўжо нават дзвюма рукамі іграць магу, – не без гонару кажа хлопчык.
12-гадовы Кірыл і самы малодшы 6-гадовы Яраслаў, як і іншыя браты, ва ўсім гатовы дапамагаць маме з татам. Калі раней Вользе даводзілася браць свой законны дадатковы выхадны ў тыдзень, каб даць рады хатнім справам, то зараз у гэтым няма патрэбы. Побач – цэлае войска клапатлівых памочнікаў!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №101 ад 28.12.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *