Рабочая нарада ў райвыканкаме: у цэнтры ўвагі – Обаль

Главное Новости

Рабочая нарада ў райвыканкаме: у цэнтры ўвагі – Обаль

Пытанні добраўпарадкавання гарадскога пасёлка Обаль ў 2022 годзе разглядаліся на рабочай нарадзе, якую праводзіў 17 студзеня старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык.

Кіраўнік раёна сказаў, што сёлета адзначаецца 100-годдзе Обальскага торфапрадпрыемства, і гэта добрая нагода, каб прывесці ў парадак гарадскі пасёлак.
Выконваючы абавязкі старшыні Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў расказаў, пра найбольш праблемныя пытанні для пасёлка. Гэта, у прыватнасці, рамонт дарожнага пакрыцця і тратуараў, аднаўленне добраўпарадкавання пасля рамонту цепласетак, прывядзенне ў парадак будынка гандлёвага цэнтра і іншыя. Сіламі мясцовых дэпутатаў і арганізацый плануецца ўстанавіць малыя архітэктурныя формы, адрамантаваць спартыўныя пляцоўкі, навесці парадак на дваровых тэрыторыях.
Землеўпарадкавальная служба і аддзел архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама атрымалі даручэнне навесці парадак на зямельных участках грамадзян і арганізацый, на прысядзібных участках, з лядашчымі гаспадарчымі пабудовамі і пустуючымі жылымі дамамі.
Шэраг работ будзе выкананы на сацыяльных аб’ектах, у прыватнасці, у яслях-садзе завершыцца рамонт даху, будзе адрамантаваны харчаблок, плануецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. УП ЖКГ будзе працягваць мадэрнізацыю цеплавых сетак у пасёлку, бягучы рамонт жылля, рамонт дзіцячых пляцовак, лавачак каля пад’ездаў шматпавярховых дамоў.
Сяргей Галынчык звярнуў увагу адпаведных службаў на неабходнасць высечкі кустоўя ў гарадскім пасёлку і на пад’ездах да яго, прывядзення ў парадак тэрыторый вакол гандлёвых аб’ектаў. «Неабходна зрабіць усё, каб гарадскі пасёлак выглядаў годна, а яго жыхарам было прыемна і камфортна жыць, працаваць, карыстацца сацыяльнымі аб’ектамі», – адзначыў ён.
На нарадзе былі разгледжаны іншыя бягучыя пытанні жыцця раёна. Так, старшыня райвыканкама загадаў актывізаваць работу назіральных камісій, бо зімовы час – найбольш пажаранебяспечны перыяд і прафілактычная работа надзвычай важная.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №4 ад 18.01.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *