У 2021 годзе супрацоўнікі Шумілінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях выязджалі на тушэнне 36 пажараў

Безопасность Главное Новости

Баяздольны каравул Шустрова

Мінулы год для шумілінскіх ратавальнікаў выдаўся напружаным і нялёгкім. На тэрыторыі раёна здарылася 36 пажараў, на якія ім даводзілася выязджаць, ратаваць ад агня чалавечыя жыцці, пабудовы, маёмасць, тэхніку, прыроду, і шмат іншых надзвычайных сітуацый.

Анатоль Слімянёў, Міхаіл Корзан, Андрэй Рыжанкоў, Аляксей Шустроў, Павел Шчарбакоў і Міхаіл Дземідзенка.

У зводцы службы 101 мы чытаем толькі сухія факты здарэнняў. А колькі было прыкладзена сіл і намаганняў ратавальнікаў, каб выратаваць жыццё чалавека ці яго маёмасць, часта не здагадваемся.

Нямала ратаванняў і выездаў на выклікі на рахунку каравула Аляксея Шустрова. Асабліва важным і сур’ёзным поспехам мінулага года стала ратаванне на пажары кватэры ў шматкватэрным доме ў райцэнтры сямі чалавек, сярод якіх двое дзяцей. Невядома чым бы закончыўся пажар у той дзень, калі б не прафесійныя і граматныя дзеянні шумілінскіх ратавальнікаў на чале з Аляксеем. Яго падначаленыя камандзір аддзялення Павел Шчарбакоў, старшы пажарны Андрэй Рыжанкоў, вадзіцелі Анатоль Слімянёў, Міхаіл Дземідзенка, Сяргей Ніканаў і дыспетчар Міхаіл Корзан прадэманстравалі ў чарговы раз, што яны – зладжаная баяздольная каманда, сплаў маладосці і вопыту, якім падуладна рашэнне любой складанай задачы ў самых экстрэмальных умовах.
У паспяховасці справы ратавання вялікую ролю іграе кампетэнтнасць і прафесійныя якасці начальніка каравула. Калі ратавальнікі едуць на выклік, да апошняга могуць не ведаць, што там адбываецца. І менавіта начальнік, які адказвае за людзей, павінен разумна ацаніць сітуацыю і правільна расставіць задачы і прыярытэты. Калі гэта пажар, то з якіх бакоў падаць пажарныя ствалы, каб хутчэй патушыць, калі аварыя – што рабіць у першую чаргу. Аляксей Шустроў не раз дэманстраваў сваю жалезную логіку і ўменне хутка прымаць адэкватныя рашэнні. І ён сам не раз пераканаўся ў тым, што правільна абраў прафесію, закончыўшы ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС, і ўдзячны старэйшаму брату Мікалаю, які падаў у свой час прыклад.
Яны першымі прыходзяць на дапамогу. У любое надвор’е, у любы час сутак і пры любым раскладзе. Калі трэба, ідуць у агонь і ўтаймоўваюць яго, ратуюць людзей, ліквідуюць аварыі і любыя надзвычайныя сітуацыі. Гэта іх звычайная работа. Часам, праўда, гераічная і самаахвярная. Работа, якая патрабуе незвычайнай вытрымкі, маральных і фізічных сіл. І вельмі хочацца пажадаць шумілінскім ратавальнікам, каб як мага радзей даводзілася ім удзельнічаць у выратавальных аперацыях ці рызыкаваць жыццём. Пажадаць сілы, здароўя, удачы і спакойнай службы!

Іх задача – ратаваць
У 2021 годзе супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях выязджалі на тушэнне 36 пажараў. Ліквідавалі 51 гарэнне смецця і ежы на пліце, 130 разоў выязджалі на аказанне дапамогі насельніцтву і арганізацыям раёна, на адно тушэнне сухой расліннасці плошчай 2 га, загаранне лесу на плошчы 10 га. Ліквідавалі наступствы 3-х дарожна-транспартных здарэнняў. У выніку баявой работы пры ліквідацыі пажараў і надзвычайных сітуацый выратавалі ад агню 8 чалавек (з іх двое дзетак), 27 пабудоў, пры ДТП дэблакіравалі аднаго чалавека, пры пошукавых работах у лясных масівах знайшлі 8 чалавек. Шумілінскімі ратавальнікамі выратавана зерневых на корані на плошчы 20 га. 21 раз яны выязджалі на спрацоўкі сігналізацыі.
За 2021 год супрацоўнікамі аддзела праведзена 5 тактыка-спецыяльных вучэнняў, 215 тактыка-спецыяльных заняткаў, 25 трэніровак па пажарнай аварыйна-ратавальнай падрыхтоўцы.

Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №4 ад 18.01.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *