Районный семинар по военно-патриотическому воспитанию прошёл в Обольской СШ

Молодёжь Новости Образование

Патрыятызм пачынаецца ў сям’і

Як выхаваць патрыёта, чаму моладзь не хоча служыць у арміі, што трэба для таго, каб падлеткі ганарыліся сваёй радзімай і рабілі ўсё магчымае для яе дабрабыту і росквіту? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні паспрабавалі знайсці ўдзельнікі раённага семінара па ваенна-патрыятычным выхаванні, які прайшоў у Обальскай СШ імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай.Мерапрыемства сабрала кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні і настаўнікаў дапрызыўнай падрыхтоўкі.
На Обальшчыне свята шануюць подзвіг юных падпольшчыкаў, якія ратавалі сваю зямлю ад ворага нароўных з дарослымі. І гэта не пафасныя словы. Калі ў 90-я гады некаторым школам раптам стала «не модна» насіць імёны герояў, тут абаранілі сваю пазіцыю, абаранілі памяць. Зіна Партнова натхніла і акрыліла не адну юную душу на добрыя справы. Музей Обальскага камсамольскага падполля таксама не дае патухнуць полымю ўдзячнай і высакароднай памяці.
Сёння грамадства ў цэлым і педагогі ў прыватнасці азадачаныя тым, ці досыць патрыятычным вырасце пакаленне, бабулі і дзядулі якога нарадзіліся ўжо ў мірны час? Магчыма, для таго, каб навучыць падлеткаў радзіму любіць, патрэбны дадатковыя намаганні? Так у сярэдніх школах з’явіліся кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. Патрабаванні да такіх спецыялістаў надзвычай высокія – вышэйшая адукацыя, досвед вайсковай службы і педагагічнай работы і іншыя.
Знайсці такога няпроста. Обальскай школе пашанцавала, тут працуе палкоўнік запасу Дзмітрый Гарушка. Пасля службы ва Узброеных Сілах Дзмітрый Леанідавіч выкладаў у Полацкім кадэцкім вучылішчы, таму яго вопыт асабліва каштоўны. У Обальскай школе ў старшакласнікаў ён вядзе дапрызыўную падрыхтоўку, 6-9-класнікаў – заняткі па інтарэсах «Юны ратавальнік-пажарны» і «Юны інспектар дарожнага руху», дзе дзеці не толькі атрымліваюць тэарэтычныя веды, але і займаюцца фізічнай падрыхтоўкай.
У рамках семінара прайшлі адкрытыя заняткі па арганізацыі фізічнай падрыхтоўкі з элементамі ваенізаванай эстафеты. Старшакласнікі прадэманстравалі спрыт, вынослівасць, выдатную фізічную форму. Зразумела, што дзецям значна цікавей выканаць умоўнае тактычнае заданне, чым проста прабегчы на хуткасць стомятроўку.
Ці досыць трапна страляць і добра бегаць для таго, каб лічыць сябе патрыётам? Безумоўна, не. Патрыятызм – гэта асабістыя пачуцці чалавека. Іх фарміраванне – вельмі тонкая работа. І простая адначасова.

– Мне імпануе тэорыя малых спраў. Сёння ты выручыў сябра, заўтра прыбраў смецце каля дома, дапамог бацькам па гаспадарцы. Менавіта так выхоўваецца асоба, – упэўнены Дзмітрый Гарушка. – А яшчэ ўласным прыкладам. Трэба гаварыць з дзецьмі, ведаць, што іх хвалюе, чым яны жывуць. Не пагардліва, павучаючы і абсякаючы, а нароўных.
Выхаванцы Дзмітрыя Леанідавіча падтрымліваюць сувязь з дзецьмі з кадэцкага вучылішча. Хутка збіраюцца ў госці на конкурс вальса. Заадно пабываюць і ў вайсковай часці 32404 Полацка.
Ужо шмат гадоў і на ўроках дапрызыўнай падрыхтоўкі, і падчас гутарак па душах педагог СШ № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка Аляксандр Петухоў займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі. Тым не менш, ён упэўнены, што толькі ў сям’і магчыма закласці моцны падмурак для сапраўдных грамадзянскіх пачуццяў.

– Любоў да радзімы пачынаецца з аповеда дзеда пра сваё ваеннае мінулае, з бабуліных слоў пра тое, што добра, а што дрэнна. Калі гэтага няма, то і школа не дапаможа.
Патрыятызм – вельмі шырокае паняцце. Гэта і павага да старэйшага пакалення, і гатоўнасць прытрымлівацца пэўных нормаў паводзін у грамадстве, уменне працаваць і несці адказнасць за свае ўчынкі, – разважае Аляксандр Аляксеевіч. – Сёння ў моладзі няма герояў, на якіх яны хацелі б раўняцца. Яны часта хочуць атрымаць усё і адразу, не прыкладаючы намаганняў.
Загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Карнеева выказала ўпэўненасць, што «Праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022–2025 гады» будзе спрыяць змене нашага грамадства да лепшага. У рамках грамадзянска-патрыятычнай работы ва ўстановах адукацыі раёна запланаваны розныя мерапрыемствы – ад добраўпарадкавання месцаў памяці да творчых конкурсаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №16 ад 01.03.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *