К профессиональному празднику милиции

Общество

Кожны званок – як трывога
У дзяжурнай часці райаддзела ўнутраных спраў ніколі не бывае ціха. Стацыянарныя і мабільныя тэлефоны звоняць вельмі часта. І кожны званок – як трывога. Людзі звяртаюцца ў дзяжурную часць з рознымі праблемамі: з сямейнымі сваркамі, са скаргамі на суседзяў-алкаголікаў, на тых, хто незаконна прадае спіртное. Прапаў мабільны тэлефон ці веласіпед, абакралі дачу ці выцягнулі з кішэні кашалёк – зноў звоняць у міліцыю.
– Стараемся працаваць хутка і якасна, – гаворыць старшы аператыўны дзяжурны РАУС Сяргей Пучкоў. – Можна сказаць, што дзяжурная часць – гэта візітная картка нашага аддзела. Ад таго, як мы спрацуем, зачастую складваецца імідж усёй міліцыі.
Дарэчы, за мінулы год у дзяжурную часць паступіла больш за восем тысяч інфармацый. І  з кожнай з іх трэба было разабрацца.
– Ужо за гэты год да нас паступіла каля тысячы інфармацый, – дадае памочнік старшага аператыўнага дзяжурнага Аляксандр Афанасьеў (на здымку). – Пераважная большасць людзей звяртаюцца ў міліцыю па тэлефоне. У сярэднім за дзень нам тэлефануюць больш за дваццаць разоў. Бывае, што паступае і да сарака інфармацый. Асабліва многа званкоў паступае ў выхадныя і святочныя дні.
Кожную інфармацыю ў міліцыі правяраюць. На здарэнне накіроўваецца нарад, пры неабходнасці выклікаюцца супрацоўнікі ДАІ і аддзела па надзвычайных сітуацыях.
У абавязкі міліцыянераў дзяжурнай часці ўваходзіць не толькі рэагаванні на паведамленне. Яны адказваюць за захоўванне і выдачу зброі, за прапускны рэжым, за парадак на прыдваравой тэрыторыі. Прымаць затрыманых, афармляць неабходныя дакументы, сачыць па камп’ютары за тым, што адбываецца ў камерах для затрыманых, на тэрыторыі РАУС, у ізалятары часовага ўтрымання – гэта далёка не ўвесь пералік абавязкаў  міліцыянераў дзяжурнай часці.
Але ўсё гэта для таго, каб дапамагчы людзям, лічыць Аляксандр Афанасьеў. Дарэчы, сёлетні год для Аляксандра юбілейны – ён працуе ў дзяжурцы дзесяць гадоў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў  №18 ад 02.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *