Если хочешь счастья — посади сад

Мир увлечений Сельское хозяйство

Калі хочаш шчасця – пасадзі сад

Старажытная кітайская пагаворка сведчыць: калі хочаш шчасця на тыдзень – зарэж парася, калі на некалькі гадоў – ажаніся, а калі на ўсё жыццё – пасадзі сад. Гэтай мудрасцю кіраваўся жыхар в. Забор’е Мікалаеўскага сельсавета Анатоль Іосіфавіч Прыгун, калі яшчэ ў сярэдзіне 90-х закладваў яблыневы сад.

  Анатоль Прыгун усё жыццё жыве і працуе на вёсцы, у свой час быў фермерам  – разводзіў свіней, вырошчваў  шматгадовыя травы, зерне, бульбу. Разам з іншымі фермерамі вобласці неаднойчы быў у паездках па іншых краінах. Асабліва спадабалася вучоба ў Германіі, дзе адзін з фермераў займаўся садаводствам. І калі ён у пачатку красавіка пачаставаў беларусаў яблыкамі са свайго саду – прыгожымі, сакавітымі, быццам толькі што сарванымі з галінак, то тыя былі ў захапленні. Па дарозе дадому абмяркоўвалі, ці можна на сваім прысядзібным участку замест традыцыйнай антонаўкі вырасціць вось такія  сакавітыя яблыкі навейшых гатункаў. І Анатоль Іосіфавіч вырашыў паспрабаваць.

  У Мінску набыў новыя на той час гатункі саджанцаў яблынь – «Алеся», «антэй», «памяць Сікоры», «аўксіс». Пад сад адвёў паўгектара ўласнага агарода ля дома і пачаў ушчыльную займацца садаводствам. У дапамогу – кнігі, даведнікі, часопісы, дзе чытаў парады вопытных садаводаў. Вучыўся даглядаць яблынькі, ратаваць ад кветкаеда, паршы, іншых шкоднікаў і захворванняў. Вывучаў вопыт лепшых садаводаў іншых краін: як, калі, якое вецце трэба абрэзаць, каб і яблыні не пашкодзіць, і дабіцца максімальнага ўраджаю. І зараз, калі на ўчастку Анатоля Прыгуна расце сто яблынь і больш за сорак груш розных гатункаў, ён сам можа быць настаўнікам для пачынаючых садаводаў. За больш як дваццаць гадоў садаводства  гаспадар навучыўся рабіць прышчэпкі. «Можна пасадзіць яблыню-дзічку і прышчапіць да яе галінку «Алесі» ці любога іншага гатунку – і будуць смачныя яблыкі, – кажа Анатоль Іосіфавіч. –  Раней вучыўся толькі па кнігах, а зараз настаўнікам з’яўляецца інтэрнэт – можна навучыцца ўсяму, былі б жаданне і час».

  Анатоль Прыгун кажа, што сад не любіць лянівых і скупых. Яблыні і грушы трэба даглядаць круглы год, апрацоўваць, падкормліваць спецыяльнымі ўгнаеннямі з мікраэлементамі – тады будзе падзяка ў выглядзе добрага ўраджаю пладоў.  Сам Анатоль Іосіфавіч і ўся ягоная сям’я вельмі любяць яблыкі і грушы, вырашчаныя ў сваім садзе. Гаспадару асабліва даспадобы груша гатунку «беларуская позняя» і восеньскія яблыкі «аўксіс».  Ну, а лішкі дароў сада ідуць на продаж – «яблычныя і грушавыя грошы» з’яўляюцца вялікай падтрымкай для сям’і. 

Ларыса ЗАЙЦАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *