Масленицу отгуляли – весну встречаем

Главное Культура Общество

Масленіцу адгулялі – вясну чакаем

 Масленічныя гулянні ладзіліся ў Шуміліне 5 сакавіка

А забаў было на любы         густ і ўзрост! Тут табе           і класічны «слуп», і перацягванне каната, і майстар-клас па вырабу «сонейка» сваімі рукамі, і традыцыйнае спальванне пу-дзіла Зімы. Масленка ж! Але галоўнае – бліны. Іх, румяных, духмяных, залацістых, з начыннем і без, салодкіх і салёных, хапіла кожнаму і яшчэ засталося.

Дзіцячыя сады і школы, раённая бальніца і музей, Дом рамёстваў і бібліятэкі – блінцы смажылі проста ўсе. Прычым прама ў гарадскім парку! Такога мы яшчэ не бачылі. Адны прыладзілі патэльні да мангалаў, іншыя па даўняй беларускай традыцыі распалілі калоды і частавалі гасцей свята гарачымі дранікамі, аладкамі, тонкімі блінамі з водарам дымку ў самым прамым сэнсе з пылу, з жару. Пах стаяў на ўсю акругу. І людзі сталі падцягвацца да месца гулянняў. Тым больш што падсілкавацца перад Вялікім постам можна было абсалютна бясплатна.

  Ладзіўся конкурс на самыя смачныя бліны. Іх аддавалі за спецыяльныя фішкі. У каго больш фішак – той і перамог. Толькі вось мы частаваліся ля кожнай інтэрактыўнай пляцоўкі і можам адказна заявіць: нясмачных бліноў на свяце не было.

  Народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Разынка» ў гэты раз частаваў гасцей рознага віду дранікамі. З фаршам  ды грыбамі, на буйную тарку ды на ўсю патэльню, «гобікамі» ды з начыннем. Майстры сабралі па Шумілінскім раёне і асвоілі з дзясятак аўтэнтычных рэцэптаў гэтага традыцыйнага блюда. Мы ж ведаем, што дранікі – гэта не проста смачна, сытна ды карысна, гэта яшчэ і наша нацыянальная культура, фірменны знак, пазнавальны брэнд. 

  Як заўжды, парадавалі медыкі – яркімі касцюмамі, амаль сапраўднай печкай ды шчодрым сталом, дзе апроч скварак ды варэння да бліноў падавалі нават ікру.

  – Я ж вясковая – усё ўмею, – кажа медыцынская сястра старшыня прафсаюзнай арганізацыі Зінаіда Сцержанкова, спрытна налівае цеста на патэльню ды прыладжвае яе на калоду.

  Медыкаў журы адзначыла ў намінацыі «Арыгінальная падача». Самымі крэатыўнымі сталі ўстановы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Самыя смачныя бліны пяклі на пляцоўцы ясляў-садоў №№ 1, 2 і 3. Прызы глядацкіх сімпатый атрымалі цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і Шумілінская СШ № 2.

  Свята атрымалася не толькі смачным, але і надзвычай яркім, дзякуючы адмыслова аформленым інтэрактыўным пляцоўкам, арыгінальным касцюмам удзельнікаў. Работнікі культуры спявалі ды танцавалі не толькі на сцэне, але выходзілі ў народ, стара-ліся, каб нам было весела.

  Раённы цэнтр дзяцей і моладзі, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях – усе працавалі на тое, каб свята было гучным, яркім і непаўторным.

Блінамі частавалася

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *