Аляксей Шпакаў: «Самая вялікая каштоўнасць прадпрыемства – яго работнікі»

Новости Общество Экономика

Каб людзям жыць было камфортна

Па выніках работы за 2021 год Аляксею Арцёмавічу Шпакаву прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны» ў намінацыі «жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, будаўніцтва і архітэктура, паліўна-энергетычны комплекс, сувязь, транспарт і камунікацыі».

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі пра асноўныя дасягненні і бліжэйшыя планы мы размаўляем з дырэктарам унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Шумілінскага раёна Аляксеем ШПАКАВЫМ.

– Служба жыллёва-камунальнай гаспадаркі шматгранная. Наша прадпрыемства ўключае пяць структурных падраздзяленняў, у якіх працуюць больш за 300 работнікаў. Сёння асноўнымі накірункамі дзейнасці арганізацыі з’яўляюцца вы-творчасць цеплавой энергіі, тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду, збор і вываз цвёрдых камунальных адходаў, добраўпарадкаванне і іншыя.
– Раскажыце пра вынікі работы арганізацыі ў мінулым годзе?
– Мінулы год для УП ЖКГ быў адметным. У першую чаргу гэта звязана з правядзеннем у Шуміліне абласнога свята «Дажынкі». Вы самі бачыце, як змяніўся наш гарадок, стаў больш сучасным, дагледжаным. У гэтым вялікая заслуга і нашага прадпрыемства. Не хочацца зараз прыводзіць шматлікія лічбы, адзначу толькі адну – у г. п. Шуміліна выкананы бягучы рамонт 26 жылых дамоў на суму 480 тыс. рублёў.
Неабходна ўспомніць і мадэрнізацыю цэнтральнай кацельні, дзе былі ўстаноўлены два новыя катлы, якія працуюць на мясцовых відах паліва, і замену труб сістэмы цеплазабеспячэння. Праведзеныя работы дазволілі адмовіцца ад выкарыстання газу і поўнасцю перайсці на шчапу.
У цэлым лічу, што работа калектыву летась была выніковай. З пастаўленымі задачамі справіліся. За 2021 год выручка ад рэалізацыі паслуг спажыўцам у фактычных цэнах склала 12258 тыс. рублёў. Тэмп росту аб’ёмаў рэалізацыі – 132,7%. 75% усяго аб’ёму выручкі прыходзіцца на цеплазабеспячэнне.
– Аляксей Арцёмавіч, раскажыце крыху пра сябе. Як складваўся ваш працоўны шлях на прадпрыемстве?
– Ва УП ЖКГ першы раз уладкаваўся ў 1998 годзе, два гады працаваў слесарам кацельнага абсталявання. У 2011 вярнуўся майстрам на кацельню ТМА. У 2017 годзе выконваў абавязкі галоўнага інжынера, у тым жа годзе стаў выконваць абавязкі дырэктара. Са жніўня 2018 года працую на пасадзе дырэктара УП ЖКГ Шумілінскага раёна.
– Вы працуеце дырэктарам амаль чатыры гады. Што змянілася за гэты час на прадпрыемстве?
– Прадпрыемства было стабільным, таму трэба было падтрымліваць дасягнуты ўзровень работы і паляпшаць яе якасць. Адны з першых маіх дырэктарскіх крокаў былі накіраваны на змяншэнне страт цепланосьбіта. Таму актывізавалі мадэрнізацыю цеплавых сетак. У выніку замены старых труб на сучасныя ПІ-трубы страты даволі значна знізіліся. Зараз у Шуміліне ПІ-трубы складаюць 82%, у Обалі – 92%, у сельскай мясцовасці – 79%.
Сабралася сапраўдная каманда аднадумцаў. Напрыклад, сёння цяжка ўявіць камунальную службу без галоўнага інжынера Максіма Русецкага, які валодае грунтоўнымі ведамі і ўмее іх рэалізоўваць на практыцы.
Наогул, самая вялікая каштоўнасць прадпрыемства – яго работнікі. Кожны з нас – малая частка аднаго вялікага і складанага механізма. Вынік работы ўсяго калектыву залежыць ад старання кожнага, пачынаючы ад прыбіральшчыцы і заканчваючы дырэктарам. У нас аснова калектыву – актыўныя, ініцыятыўныя, адказныя і адукаваныя людзі, якія працуюць на адзіную мэту: ствараць камфорт для людзей.

Апублікавана ў №22 ад 25.03.2022г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *