Дайте новую жизнь своему старому велосипеду

Новости Общество Экология

Новае жыццё – старому веласіпеду

Тое, што веласіпед у Шуміліне – любімы многімі від транспарту, ні для каго не сакрэт. Часам людзі не ставяць на прыкол свайго жалезнага сябра нават на зіму. А вось з рамонтам бываюць праблемы. Як правіла, мы самастойна рэанімуем зламаныя веласіпеды, але бывае, што яны проста дарэмна займаюць месца ў падвалах ці гаражах.

Развагі на гэту тэму падштурхнулі калектыў фізкультурна-аздараўленчага цэнтра паўдзельнічаць у конкурсе маладзёжных ініцыятыў «Новае жыццё старога веласіпеда», які праводзіў інфармацыйна-асветніцкі фонд «Новая Еўразія».
– Бадай, ці не ў кожнага ёсць веласіпед, на якім і ездзіць ужо немагчыма і выкінуць шкада. Чаму б не даць транспарту другое жыццё? – разважае дырэктар ФАЦа Ларыса Маладзечкіна. – Мы з радасцю прымем вашы зламаныя, маральна састарэлыя веласіпеды, адрамантуем іх і арганізуем пракат для ўсіх жадаючых. Упэўнена, што рэалізацыя праекта актывізуе спартыўнае жыццё ў раёне, адкрые новыя магчымасці для моладзі і не толькі займацца веласпортам, прыемна праводзіць час.
Веламайстэрня размесціцца ў будынку ФАЦа на гарадскім стадыёне, куды ўжо сёння вы можаце дастаўляць непатрэбную тэхніку, якой зоймуцца валанцёры. На рэалізацыю праекта ёсць амаль дзве тысячы рублёў, што пойдуць на абсталяванне, інструменты і запасныя часткі для рамонту веласіпедаў. Далей арганізатары плануюць укладваць у развіццё праекта грошы, атрыманыя ад пракату. Састарэлыя адзінокія людзі, шматдзетныя бацькі, інваліды змогуць адрамантаваць свой веласіпед ці ўзяць транспарт на пракат бясплатна.
– Велапракат дазволіць большай колькасці людзей удзельнічаць у велапрабегах, акцыях па ўборцы смецця ў лясных масівах і месцах адпачынку, – упэўнена грамадскі эколаг лідар грамадскага аб’яднання «ЭкаБум», якое таксама далучылася да ініцыятывы, Ірына Кулікава. – Для нас важна і тое, што экалагічна чыстага транспарту ў райцэнтры стане больш.
У межах праекта запланаваны разнастайныя мерапрыемствы для дзяцей, моладзі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, таксама будуць распрацаваны новыя схемы веламаршрутаў па раёне.
Часта бывае, што ў распараджэнні сям’і ёсць усяго адзін веласіпед. Як тут адправіцца на прагулку ўсім разам? Пракат лёгка вырашае такую праблему. Велапрагулкі – выдатная рэабілітацыя пасля хваробы, добры спосаб падтрымліваць неабходную для здароўя фізічную актыўнасць. У любым выпадку, такая альтэрнатыва тэлевізару, тэлефону і камп’ютару, можна не сумнявацца, прывабіць многіх шумілінцаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №23 ад 29.03.2022 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *