В Обольской школе прошёл великосветский бал

Молодёжь Образование

Будучае – за намі
Нядаўна Обальская школа вітала пераможцаў і прызёраў розных этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Дыпломы і прызы ўручалі школьнікам, а таксама педагогам, якія падрыхтавалі алімпіяднікаў.
Канцэртная праграма была цікавай і дынамічнай. Першымі, хто выйшаў на сцэну, сталі вучні пачатковых класаў Ксенія Мамыка і Антон Фядура. Як самыя старанныя сярод малодшых школьнікаў яны атрымалі пахвальныя граматы і невялікія сувеніры ў якасці стымулу для далейшых перамог.
Затым для атрымання дыпломаў і салодкіх прызоў на сцэну падняліся пераможцы першага (школьнага) этапа рэспубліканскай алімпіяды. Кульмінацыяй стала ўзнагароджванне пераможцаў другога этапа рэспубліканскай алімпіяды, у ліку якіх апынуліся Уладзіслава Сядзякіна (10 кл.), Уладзіслаў Палонскі (10 кл.), Андрэй Садоўнікаў (11 кл.), Марыя і Дар’я Макоўскія (11 кл.). “Інтэлектуальную эліту” з заслужанай перамогай віншаваў старшыня Обальскага выканаўчага камітэта М. Будневіч. Мне, як пераможцы 2 тура рэспубліканскай алімпіяды, было прыемна атрымаць віншаванне ад дырэктара школы А. М. Штокіна.
Бацькам алімпіяднікаў былі ўручаны салодкія падарункі і ўдзячныя лісты.
Выдатнай падзеяй у жыцці школы ў гэты дзень стала прэзентацыя кнігі “Залаты фонд”, куды будуць заносіцца імёны вучняў, якія дасягнулі значных поспехаў у самых розных галінах школьнага жыцця.
Завяршаючым акордам свята стала сумеснае чаяпіцце.
Яўгенія Мамыка, вучаніца 10 класа Обальскай СШ.
Сапраўдны велікасвецкі баль
Нядаўна ў нашай школе стартаваў чарговы тыдзень фестывалю мастацтваў “Танцуюць усе”.
У час падрыхтоўкі нашы валанцёры многае даведаліся пра тое, як праводзяцца сапраўдныя балі ў Вене і пастараліся перадаць атмасферу гэтай феерыі. У рамках танцавальнага тыдня кожны дзень нас чакалі захапляльныя конкурсы, гульні, выступленні. Паўсюль вітаў дух танца і прыўзнятага настрою. А як інакш? Хто ж адмовіцца танцаваць?
У першы дзень фестывалю стрэлкі гадзіннікаў “павярнулі назад”. На дынамічнай перамене ў холе панавала атмасфера велікасвецкага балю. Кожны клас рыхтаваўся да яго. У час сустрэчы з “высокапастаўленымі” асобамі вучні рабілі два крокі ўперад, а потым — рэверанс. А класныя кіраўнікі на гэты час пераўтварыліся ў герцагіняў і баранес. “Баранеса Кузьміна са сваімі дочкамі і сынамі“, — так іх прадстаўлялі распарадчыкі балю.
Выконваючы дрэс-код, хлопчыкі 5 “Б” класа з’явіліся на баль у строгіх касцюмах з “бабачкай”, а дзяўчынкі — у доўгіх сукенках. Наогул уся школа была ўцягнута ў дзейства танца.
“Кароль і каралева” (іх ролю выконвалі дырэктар школы Аляксандр Мікалаевіч Штокін і адзінаццацікласніца Дар’я Макоўская) ўрачыста адкрылі цырымонію, павітаўшы ўсіх, хто ўдзельнічаў у свяце. А потым пад чароўныя гукі закружыліся ў віхуры вальса грацыёзныя дамы і галантныя кавалеры. Так першы дзень фестывалю падарыў нам усмешкі, радасць і захапленне.
Анастасія Серафімовіч, юнкор Обальскай школьнай газеты.
Надрукавана ў №19 ад 06.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *