Лучший лидер первички БРСМ живёт в Оболи

Молодёжь Образование

Вызначыліся з лідарам
Нядаўна ў СШ №1 прайшоў раённы конкурс лідараў пярвічных арганізацый БРСМ “Лідар – новае пакаленне”, арганізатарамі якога выступілі райкам ГА БРСМ, аддзел па справах моладзі райвыканкама і раённы аддзел адукацыі.
Алег Прыгун прадстаўляў пярвічную арганізацыю БРСМ Лаўжанскай школы, Марыя Жукава – СШ №1, Уладзімір Арлоў – Мікіціхінскай школы, Надзея Кажанеўская – Башнёўскай школы, Ірына Кавалёнак – СШ №2 і Лізавета Садоўская – Обальскай СШ. Яны — звычайныя маладыя людзі, нехта захапляецца спортам, хтосьці любіць спяваць ды танцаваць… Але кожны з іх умее захапіць ідэяй, павесці іншых за сабою.
Лідары з групамі падтрымкі добра падрыхтаваліся да конкурсу. Гэта было бачна пасля першага этапа – прадстаўлення візітных картак. Інсцэніроўкі, музычныя кампазіцыі, гумар – усё было ў выступленні. Але ж яўна лепш прадумана была візітка Марыі Жукавай, якая адразу прадэманстравала  свае лідарскія якасці.
Конкурс аратарскага майстэрства стаў феерычным шоў. А выступленне Лізаветы Садоўскай было не толькі эмацыянальным, але вельмі лагічным і прадуманым.
Толькі пазітыў прынеслі гледачам прапанаваныя лідарамі гульні. Гумарыстычныя, пазнавальныя, дынамічныя. Маладыя людзі добра валодалі залай, ды і гледачы з радасцю і імпэтам удзельнічалі ў розных гульнях. Пасля гэтага этапа лідарства захапіла Лізавета Садоўская, якая крыху абышла Марыю Жукаву.
Завяршалі праграму ўласныя праекты лідараў, што рэалізуюць актывісты БРСМ у сваіх школах. Праекты моладзі былі пра здаровы лад жыцця і папулярызацыю спорту, антытытунёвую  кампанію, знакамітых выпускнікоў школы, дабрачынныя акцыі. Сённяшнім маладым людзям цікава ўсё.
Журы аддало перавагу праекту пярвічкі Обальскай школы. А разам з гэтым і перамогу ў раённым конкурсе “Лідар – новае пакаленне” атрымала абальчанка Лізавета Садоўская, якая і будзе прадстаўляць наш раён на занальным абласным конкурсе “Лідар – новае пакаленне”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №19 ад 06.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *