Экологическое воспитание начинается в детстве: из опыта работы школ Шумилинского района по энергосбережению

Образование Общество Экология

“Школа – наш цёплы дом”
Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А. Д. Сахарава пры фінансавай падтрымцы міністэрства замежных спраў Галандыі (MATRA) распрацаваў праект “Маладзёжныя экакаманды ў Беларусі: клапоцімся пра захаванне клімату”.
Якое, здавалася б, дачыненне мае гэты дакумент да нас? Аказваецца, самае непасрэднае. У рамках вышэйназванай праграмы ў Башнёўскай і Ляжнёўскай школах рэалізоўваецца праект “Школа – наш цёплы дом”. Мэта праекта – укараненне ў школьную практыку нізказатратных практычна арыентаваных мерапрыемстваў па энергазберажэнні ў школах, навучанне практычным навыкам вучняў, фарміраванне ў школьнікаў і іх сем’яў пераканання аб неабходнасці зніжэння спажывання неаднаўляемых энергетычных рэсурсаў.
Праблема энергазберажэння вельмі актуальная для Беларусі, бо мы залежым ад энерганосьбітаў з іншых краін і высокіх цэн на іх. Дырэктыва Прэзідэнта Беларусі № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” падкрэслівае ступень важнасці фарміравання экалагічна бяспечных і энергазберагальных паводзін грамадзян. Між тым, больш за 30% усіх энергарэсурсаў у Беларусі ідзе на ацяпленне жылых дамоў, устаноў, вытворчых аб’ектаў. Таму так актуальна пытанне аб зніжэнні непрадукцыйных страт цяпла.
Энергазберагальныя тэхналогіі можна і трэба выкарыстоўваць непасрэдна ў класе, у школе, у кожным доме. Калі дзеці з садаўскага, са школьнага ўзросту прывыкнуць берагчы цяпло, электраэнергію, у будучым яны змогуць зрабіць прарыў у энергазберажэнні.
Башнёўская і Ляжнёўская школы абсталяваны ўласнымі кацельнямі, яны самі кантралююць аб’ёмы спажывання паліва. Але страта цяпла праз вокны дасягала 45%. І гэта не толькі прамыя матэрыяльныя страты, бо мы грэлі і вуліцу, але ж дадайце пропускі заняткаў дзецьмі, якія цярпелі ад скразнякоў, работу медыкаў, прапушчаныя ўрокі, недаатыманыя веды…
Не чакаючы замены вокнаў на пластыкавыя, мы вырашылі іх уцяпліць, балазе, што матэрыялаў сёння – якіх хочаш. І мы разгарнулі работы. Уключыліся настаўнікі, тэхнічныя работнікі школы, бацькі. Спачатку апрацавалі мантажнай пенай адтуліны паміж сценкамі і аконнымі каробкамі, потым устанавілі цеплаізаляцыйныя стужкі, якія пры закрыцці акна запаўняюць шчыліны паміж пераплётам і аконнай каробкай. Для ўцяплення шкла выкарыстоўвалі і сіліконавы герметык. А за батарэямі ўстанавілі спецыяльныя экраны, якія адбіваюць цяпло (пенафол).
Комплексныя работы па ўцяпленню вокнаў дазволілі павысіць тэмпературу ў класным памяшканні. Гэта адразу ацанілі настаўнікі і вучні.
Але ніякія тэхнічныя сродкі самі па сабе не палепшаць стан прыроды, калі людзі не будуць свядома захоўваць экалагічныя абмежаванні і прымаць актыўны ўдзел у вырашэнні праблем навакольнага асяроддзя.
М. АЛЯКСЕЕНКА,  настаўніца Башнёўскай СШ.
Надрукавана ў №13 ад 18.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *