Криминальная хроника

Происшествия

Крымінал. Здарэнні

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Браканьеры

На беразе Заходняй Дзвіны (непадалёк ад в. Полцева) знойдзены застрэлены дзік, кошт якога ацэнены ў 3800 рублёў. Узбу-джана крымінальная справа па ч. 2 арт. 282 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Незаконнае паляванне». Браканьеры вышукваюцца. Максімальнае пакаранне, што ім пагражае, – пазбаўленне волі да трох гадоў.

Міна

Жыхары аг. Башні знайшлі непадалёк ад мясцовай жывёлагадоўчай фермы мінамётную міну часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пра здарэнне паведамілі ў раённы аддзел унутраных спраў. Сапёрная брыгада з Віцебска міну абясшкодзіла і знішчыла.

Крадзеж

У ходзе расследавання адной з крымінальных спраў супрацоўнікамі РАУС быў выяўлены факт крадзяжу ў Цербяшове. Устаноўлена, што двое жыхароў Віцебска  праніклі ў дачны дом і ўкралі шліфавальную машынку і асабістыя рэчы гаспадара. Узбуджана крымінальная справа. Ліхадзеям пагражае пазбаўленне волі да чатырох гадоў.

«Захавай хуткасць»

У сакавіку супрацоўнікі ДАІ правялі прафілактычную акцыю «Захавай хуткасць». Былі праведзены адпрацоўкі дарог мясцовага і рэспубліканскага значэнняў, выяўлена 88 фактаў перавышэння хуткасных рэжымаў. 11 вадзіцеляў парушылі хуткасны рэжым паўторна на працягу года, за што атрымаюць штраф да 15 БВ або будуць пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на адзін год.

Падчас акцыі былі прыпынены дзевяць вадзіцеляў, якія селі за руль не маючы патрэбнай катэгорыі (штраф да 20 БВ). Адміністрацыйны арышт да 15 сутак або штраф да 50 БВ пагражае вадзіцелю, які здзейсніў падобнае парушэнне паўторна на працягу года.

Дрэва

Жыхар  Полацка, які ехаў на «Таёце» па аўтадарозе Обаль-Полацк, дапусціў няўважлівасць і не паспеў знізіць хуткасць, калі на дарозе ўбачыў паваленае дрэва.  У выніку аўтамабіль наехаў на перашкоду і быў пашкоджаны. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 0,5 БВ.

Перакрыжаванне

На перакрыжаванні вуліц Юбілейная-Луначарскага мінчанін парушыў Правілы дарожнага руху – праехаў на «Фальксвагене» на чырвонае святло. У выніку сутыкнуўся з аўтамабілем «Аўдзі» (ім кіраваў жыхар раёна). Мінчаніну пагражае штраф да 20 базавых велічынь або пазбаўленне права кіраваць транспартнымі сродкамі да двух гадоў.

Людміла ЗУЙКОВА.

Надрукавана ў №25 ад 05.04.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *