Про изменения в контракте и как пойти в отпуск летом

Вопрос-Ответ Общество

Пра змяненні ў кантракце і водпуск летам

Прававы інспектар Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Кацярына Чавус, пракурор Шумілінскага раёна Іван Волчык і начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Яўген Іваноў правялі прававы прыём і «прамую тэлефонную лінію»  ў ПМК-70.

Да прафсаюзнага юрыста паступалі пытані, якія тычыліся змяненняў у працоўным дагаворы (кантракце). Кацярына Аляксандраўна патлумачыла, што працоўны дагавор можа быць зменены па пагадненні бакоў у трох выпадках: пры пераводзе чалавека з аднаго працоўнага месца на другое, пры перамяшчэнні з аднаго працоўнага месца на другое і ў выпадку змяненняў умоў работы. «Ці павінен наймальнік змяніць працоўны дагавор, калі майго мужа з МТЗ-82 пераводзяць працаваць на “Кіравец”?» – пацікавілася жыхарака раёна. Кацярына Чавус патлумачыла, што гэта перавод з аднаго рабочага месца на другое, і тут  павінна быць абавязковае змяненне ў кантракце (магчымы новыя ўмовы працы, іншая зарплата і г. д.). Акрамя таго, пры пераводзе на іншую работу наймальнік павінен папярэдзіць аб гэтым чалавека за трыццаць дзён. Калі гэтага няма, работнік можа патрабаваць вяртання на ранейшае месца ў судовым парадку.

Яшчэ адно пытанне тычылася працоўнага водпуску. «Ці магу я патрабаваць водпуск летам?» – цікавіўся жыхар райцэнтра. «Законам вызначана катэгорыя грамадзян, якім у першую чаргу даецца адпачынак летам, – патлумачыла Кацярына Чавус. – Гэта мнагадзетныя маці і маці, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей да 14 гадоў; моладзь да 18 гадоў; работнікі, якія перанеслі прамянёвую хваробу; удзельнікі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС; ганаровыя донары Рэспублікі Беларусь. Маюць льготы на летні водпуск работнікі, якія завочна вучыцца ў каледжах ці ўніверсітэтах і ў гэты час здаюць сесію; жонкі ваеннаслужачых, а таксама мужчыны, жонкі якіх летам знаходзяцца ў водпуску па цяжарнасці. У іншых выпадках пытанне вырашаецца па згодзе  з наймальнікам».

У гэты ж дзень у ПМК-70 быў праведзены дзень прававой асветы і прававой культуры.

Ларыса КІСЯЛЁВА.

Надрукавана ў №25 ад 05.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *