Особое внимание – г.п. Оболь

Общество Президент

 

Асаблівая ўвага – Обалі

На рабочай нарадзе, якую правёў 11 красавіка старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, асноўная ўвага была нададзена навядзенню парадку ў г. п. Обаль.Сітуацыю з правапарадкам ў раёне на мінулым тыдні далажыў намеснік начальніка РАУС Вячаслаў Воранаў. Начальнік РАНС Андрэй Сасновіч расказаў пра сітуацыю з пажарамі. Пра бягучыя справы па  падначаленых арганізацыях паведамілі намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў.

«У раёне разгортваюцца палявыя работы на пасяўной, – паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Пушноў. – Гаспадаркі актыўна вядуць падкормку азімых зерневых і крыжакветных культур. У большасці пачалі ворыва і падрыхтоўку глебы для сеялак. Да сяўбы прыступілі ААТ «Ляжні» і ААТ «АграБаравінка».

Але асноўным пытаннем на нарадзе стала навядзенне парадку ў гарадскім пасёлку Обаль. Кіраўнік раёна цікавіўся арганізацыяй работы на кожным прадпрыемстве. Галоўнай арганізацыяй, бясспрэчна, з’яўляецца падраздзяленне УП ЖКГ, але работы хапае кожнай обальскай арганізацыі. На працягу зімы і вясной у пасёлку актыўна высякаліся кусты, якімі зараслі многія вуліцы і аб’екты. Вядуцца работы па падрыхтоўцы да зносу лядашчых гаспадарчых пабудоў у некаторых мікрараёнах Обалі. Старшыня райвыканкама задаваў пытанні аб планах па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, рамонце дзіцячых пляцовак, уладкаванні тэрыторый каля сацыяльных устаноў. Ён запатрабаваў прыцягнуць да навядзення парадку арганізацыі ўсіх форм уласнасці, уключаючы прыватныя гандлёвыя аб’екты, каля якіх таксама трэба наводзіць парадак. Шмат работы кладзецца на плечы мясцовага сельвыканкама, які выступае галоўным арганізатарам, каардынатарам і кантралёрам работ, працуе з насельніцтвам, якое пражывае ў прыватным сектары. Бо парадак трэба наводзіць не толькі па галоўных вуліцах пасёлка, але і каля кожнага падворка.

На нарадзе былі акрэслены і асноўныя напрамкі работы жыхароў раёна падчас рэспубліканскага суботніка, які прызначаны на 16 красавіка – гэта добраўпарадкаванне населеных пунктаў, пасадка дрэў і дэкаратыўных кустоў, уборка камянёў на палетках сельскагаспадарчых арганізацый раёна.

Сяргей Ермалаеў.

Надрукавана ў №27 ад 12.04.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *