День работы с населением прошёл в Ковляковском сельсовете

Новости Общество Президент

Дарогі – падрамантаваць, з аварыйнымі дрэвамі – развітацца

На мінулым тыдні на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета прайшоў Дзень работы з насельніцтвам. Дзве рабочыя групы з ліку кіраўніцтва раёна,спецыялістаў райвыканкама, работнікаў сельсавета і раённых службаў наведалі ўсе населеныя пункты Савета.

 У складзе групы, якую ўзначальваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, быў начальнік падраздзялення «Башнёўскае» УП ЖКГ Мікалай Кісялевіч і майстар ДРБУ №202 Аляксандр Ляўша. Рабочая група правяла сустрэчы з жыхарамі вёсак Крывое Сяло, Курылаўшчына, Навікі, Свярдлы, Барэц, Сінякова, Улазавічы і Духравічы.

На Каўлякоўшчыне пануе вясна, буслы аблюбавалі свае ранейшыя хаты, падрамантаваўшы іх, на пясчаных палетках распачалася пасяўная, многія вяскоўцы выйшлі на ўборку сваіх прысядзібных участкаў… Жыццё працягваецца. Хаця ў гутарках сяльчане выказвалі засмучэнне той акалічнасцю, што насельніцтва з кожным годам усё меншае, пусцее жыллё, з’язджае моладзь, зачыняюцца ўстановы з-за адсутнасці перспектыў. Тым не менш сістэма працуе, службы стараюцца абслугоўваць вяскоўцаў у пэўнай меры. Хаця нараканняў, заўваг і просьбаў хапае.

Так, жыхары вёскі Курылаўшчына звярнуліся да майстра раённай дарожнай службы з просьбай падсыпаць і падрамантаваць дарогу да вёскі. Грэйдзіраванне і рамонт дарогі просяцца і ў вёсцы Сінякова. Жыхароў вёскі Полькавічы не задавальняе асартымент аўтамагазіна. Маўляў, яны пакутуюць пераважна з-за таго, што апошнія ў маршруце.

Адразу ў некалькіх вёсках – Улазавічах, Крывым Сяле і Полькавічах – былі агучаны праблемы з аварыйнымі дрэвамі на грамадзянскіх могілках. Пытанні «на аловак» узяў начальнік падраздзялення «Башнёўскае» УП ЖКГ Мікалай Кісялевіч. Жыхары Крывога Сяла абураліся, што работнікі РЭС пасля правядзення работ не прыбралі за сабой пад лініямі галлё.

Жыхарка аграгарадка, пенсіянерка, былая настаўніца, прасіла дапамагчы з рамонтам даху двухпавярхоўкі на чатыры кватэры, у адной з якіх яна жыве. Дах цячэ, жыць практычна немагчыма. Дом на балансе мясцовага сельгаспрадпрыемства, якое практычна ліквідавана, і жыллё рыхтуецца да перадачы на баланс камунальнай службы. Які лёс чакае яе дом, у якім з чатырох кватэр занятыя толькі дзве, не вядома. І ці варта наогул укладваць у яго сродкі? Хутчэй за ўсё мэтазгодна пашукаць незанятае жыллё ў аграгарадку.

Сёння на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета кіраўніцтва раёна праводзіць выязныя прыёмы грамадзян, напрыканцы красавіка будуць падведзены вынікі Дня работы з насельніцтвам і вызначаны задачы, адказныя службы і тэрміны для выканання.

Алена КАРПУШЭНКА.

Надрукавана ў №29 ад 19.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *