В Оболи конкуренцию районной службе быта составляет керамический завод

Общество Экономика

Абальчане стрыгуцца ў “Завадчанцы”, а абутак рамантуюць у Полацку
Помніцца, гады чатыры таму ў Обалі нават і не думалі, каб скардзіцца на бытавое абслугоўванне. Працавала прыватная цырульня “Для вас”, дзе і падстрыгчыся можна было, і прычоску зрабіць. Тут жа знаходзілася і прыватная майстэрня па рамонце абутку.
Былі часы, калі цырульнік працаваў і на комплексным прыёмным пункце. Але ж тут маладыя дзяўчаты не затрымліваліся, бо заробак быў “як кот наплакаў”. Менавіта па гэтай прычыне няма цырульніка на КПП і зараз.
“Ведаеце, сталаму чалавеку, які бачыў усе тыя даброты, якія былі раней, нават страшна заходзіць у мясцовае КБА, – гаворыць Ганна (прозвішча свайго прасіла не называць), якая пражыла ў Обалі амаль паўсотню гадоў. – У тым пакоі, дзе раней было абсталяванне для цырульніка, толькі труны стаяць”.
Тыдзень таму, калі мы былі ў Обалі, на мясцовым пункце КБА ўбачылі навясны замок, хаця было адзінаццаць гадзін. “Напэўна, работніца выйшла кудысьці, – патлумачылі прадаўцы магазіна райспажыўтаварыства, што знаходзіцца побач. – А ўвогуле нечага там глядзець – адны вянкі, ды яшчэ пасцельная бялізна. Праўда, прымаюць абутак, адвозяць на рамонт у Шуміліна, але трэба чакаць тыдзень-другі, нязручна”.
“А я адвожу абутак рамантаваць у Полацк, там ёсць тэрміновая майстэрня, – гаворыць мясцовая жыхарка Т. С. Лузгіна. – Іншыя мае знаёмыя хто ў Віцебск ездзіць, хто ў Шуміліна. А ўвогуле адрамантаваць абутак для жыхароў Обалі – цэлая праблема. Ну, а што датычыцца прычоскі – іду ў цырульню “Завадчанка”. Дзяўчынай, якая там працуе, усе задаволены”.
“Працую ў асноўным па запісу, бо людзям зручней прыходзіць у прызначаны час, не трэба чакаць у чарзе,  – гаворыць цырульніца Вера Зосімава (на здымку). – Бывае, за дзень прыходзяць да паўтара дзясятка кліентаў. Асабліва многа жадаючых зрабіць прычоску ў перадсвяточныя дні, ці, напрыклад, перад Новым годам, калі ў пасёлку ладзяцца “агеньчыкі”. Наогул, паколькі ў Обалі толькі адна цырульня, у “Завадчанкі” стала больш наведвальнікаў. Сюды ідуць не толькі работнікі завода, але і іншыя жыхары Обалі, прыходзяць падстрыгацца  пенсіянеры і школьнікі.
Цэны ў “Завадчанцы” вельмі нізкія. Напрыклад, зрабіць мужчынскую стрыжку каштуе ўсяго 6300 рублёў (для параўнання: у райбыткамбінаце мужчыну прыйдзецца выкласці з кішэні 14 тысяч рублёў). Завадчанам зручна, што “прывесці галаву ў парадак”  можна ў доўг – потым вылічаць з заробку.
Як расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Обальскага керамічнага завода А. І. Бабахіна, у будучым мяркуюць перанесці цырульню ў памяшканне, дзе раней знаходзіўся магазін “Для вас”. Тут больш зручна і прасторна, можна нават узяць на работу другога цырульніка і тым самым пашырыць аб’ёмы паслуг. Думаюць купіць авярлок і аказваць паслугі па рамонце адзення. Гэта б, напрыклад, маглі рабіць швачкі, якія шыюць на заводзе рукавіцы.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №20 ад 10.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *