В Шумилино прошел фестиваль правовых знаний

Закон Молодёжь Образование

У пераможцах – каманды з Мішневіч і Кардона

У раённым цэнтры дзяцей і моладзі прайшоў фестываль прававых ведаў

сярод устаноў адукацыі раёна.

Перад удзельнікамі мерапрыемства выступіла  галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Далецкая, якая падкрэсліла традыцыйнасць і важнасць фестывалю: у наш час вельмі важна разбірацца ў прававой сферы, ведаць законы нашай краіны і быць юрыдычна граматным.

Свае веды ў гэтых накірунках паказалі каманды школ раёна. Удзельнікі агітбрыгад расказалі, як важна захоўваць Правіла дарожнага руху, якую шкоду прыносяць наркатычныя сродкі, чаму трэба берагчы дзяржаўную маёмасць і якія штрафы можна атрымаць за яе псаванне. Пры падлічванні балаў улічваліся артыстызм, стварэнне яркага сцэнічнага вобраза, тэматычнае напаўненне выступленняў і ўзровень выканаўчага майстэрства.

Па выніках выступленняў агітбрыгад у сярэдняй узроставай групе першае месца заняла каманда «Бравыя рабяты» Мішневіцкай ясляў-сада-базавай школы, другое –  «Знатакі» СШ №2 г. п. Шуміліна. У старэйшай узроставай групе перамагла каманда «Кодэкс» Кардонскай сярэдняй школы, другое і трэцяе месца – у каманд «Сіла закона» з СШ №1 і «Кожны павінен ведаць» з Обальскай школы адпаведна.

У гэты ж дзень у рамках фестывалю прайшла алімпіяда прававых ведаў. Яе ўдзельнікі з некалькі прапанаваных варыянтаў адказаў выбіралі адзін правільны. У пераможцах аказаліся вучні СШ №1 г. п. Шуміліна: першае месца – ва Уладзіслава Калеснікава,  другое – у Вадзіма Сокура, трэцяе – у Анастасіі Базылевіч.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел па адукацыі райвыканкама, камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, раённы аддзел унутраных спраў, цэнтр дзяцей і моладзі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Надрукавана ў №31 ад 26.04.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *