Ветерана Виктора Богатырева с Днем Победы поздравило руководство Шумилинского района

Общество

З віншаваннямі – да ветэранаў вайны

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2021 года №281 ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, пацярпеўшым ад наступстваў вайны, да Дня Перамогі выплачваецца матэрыяльная дапамога. У Шумілінскім раёне дапамогу атрымалі тры ветэраны Вялікай Айчыннай, 17 асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

 З прыемнай місіяй да ветэрана блакадніка-ленінградца Віктара Паўлавіча Багатырова завіталі старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах, начальнік участка паштовай сувязі Алеся Новікава. Кіраўнік раёна пажадаў ветэрану здароўя і дабрабыту, уручыў матэрыяльную дапамогу і кветкі. Да віншаванняў далучыліся госці.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям’я Багатыровых жыла ў Ленінградзе.  Першае, што ўвайшло ў дзіцячую памяць Віктара, – жудасць, страх і роспач. Немагчыма было прывыкнуць да таго, што людзі падалі і паміралі ад бяссілля і голаду. На ўсё жыццё ён запомніў 125 грамаў хлеба, якія выдаваліся на дзень на чалавека. Гэты кавалачак маці дзяліла на два-тры разы. А так хацелася з’есці яго цалкам! Ды які там хлеб быў – шэры, нясмачны. Але ён ратаваў ад смерці. Зімой 1941 года да голаду далучыўся яшчэ і холад. Багатыровых выратавалі суседзі, якія падзяліліся з імі буржуйкай.

Пасля вайны сям’я Багатыровых прыехала ў вёску Барсучына Мішневіцкага сельсавета, да дзядулі Віктара. У яго была карова – яна не дала загінуць з голаду. Пасля ваеннай службы Віктар Багатыроў з жонкай Ганнай Іванаўнай жыў у вёсцы Андрэеўка, працаваў у саўгасе «Мішневічы» механізатарам, за добрую работу мае шмат грамат і падзяк.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Надрукавана ў №32 ад 29.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *