Про кредиты на обучение и пенсионную карточку

Официально Экономика

Пра крэдыты на навучанне і пенсійную картку
Апошнім часам у рэдакцыю паступаюць тэлефонныя званкі з рознага роду пытаннямі аб прадастаўленні банкаўскіх паслуг. За каментарыямі па некаторых з іх мы звярнуліся да дырэктара ЦБП №225 філіяла №200 ААТ “ААБ Беларусбанк” Аляксандра Васільевіча Паўлючэнкі.
“Пасля заканчэння школы мой сын паступіў ва ўніверсітэт на платнай аснове. Ці магу я аформіць у “Беларусбанку” крэдыт на абучэнне?”
— У мэтах матэрыяльнай падтрымкі грамадзян, якія атрымліваюць адукацыю ў дзяржаўных вышэйшых навучальных установах на платнай аснове, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выдаў Указ № 616 ад 7 снежня 2002 года, згодна з якім у “Беларусбанку” можна аформіць крэдыт тэрмінам да 10 год пад працэнтную стаўку 1/2 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень гэта бу-дзе 5,75%. У той жа час хочацца адзначыць той факт, што ў параўнанні з пачаткам года «Беларусбанкам» зніжана працэнтная стаўка па крэдытах на спажывецкія патрэбы з 21% да 16,5%.
“Дачка паступіла ва ўніверсітэт у Мінск. Як я магу адпраўляць ёй грошы, бо, зразумела, што не заўсёды ў яе будзе магчымасць прыязджаць дадому.”
— Рабіць гэта можна грашовым пераводам. Для гэтага неабходна аформіць на студэнта пластыкавую картку, на якую бацькі пры дапамозе банкамата, інфакіёска ці інтэрнэт-банкінга змогуць хутка і беспраблемна перасылаць грошы ў любую кропку краіны. Ёсць і другі варыянт. Бацькі могуць перасылаць грошы па сістэме хуткіх грашовых пераводаў “Стрыж” з любога аддзялення банка.
“Збіраюся ў водпуск за мяжу. Ці магу я там карыстацца сваёй зарплатнай пластыкавай карткай?”
— Зарплатная картка дзейнічае толькі па рэспубліцы. Магу параіць скарыстаць міжнародную пластыкавую картку “Беларусбанка” ў трох валютах (долары, еўра, беларускія рублі). Прычым, пры перасячэнні мяжы ніхто не спытае ў Вас, колькі грошай на вашай картачцы. Якая б сума не была на вашым карт-рахунку, яе не трэба дэклараваць і яна застаецца канфідэнцыяльнай.
“Хутка збіраюся на пенсію. Чула, што “Беларусбанк” прапануе спецыяльную пластыкавую картку.”
— Прызнацца, паслуга па пералічэнні пенсіі на пенсійную пластыкавую карту ў насельніцтва даволі запатрабавана. І гэта не дзіўна, бо банк прадастаўляе дадатковы даход на рэшту па картачцы і дае магчымасць знімаць пенсію ў любы час сутак і ў любым кутку краіны. Згадзіцеся, ўсё гэта дадатковыя зручнасці.
“Якім чынам можна набыць жыллё, калі не стаіш у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў?”
У ліпені 2006 года “Беларусбанк” распрацаваў і ўкараніў сістэму будаўнічых зберажэнняў як адзін з магчымых варыянтаў рашэння жыллёвага пытання. Сістэма дапамагае накапіць неабходную суму грашовых сродкаў (не менш 25% ад агульнай сумы плануемых інвестыцый на будаўніцтва ці набыццё жылля). Пасля гэтага банк выдае крэдыт у памеры да 75% ад неабходнай сумы на больш льготных умовах у параўнанні з дзеючымі ўмовамі крэдытавання.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Опубликовано в №62 от 13.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *