В Шумилино прошла акция «Почта Победы»

2022 - Год исторической памяти Молодёжь Общество

Скажы «Дзякуй» асабіста

Калі некалькі год таму ў раённай акцыі «Пошта Перамогі», ініцыяванай Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеем сумесна з райкамам ГА БРСМ і раённай арганізацыяй Беларускага фонду міру было не так шмат прыхільнікаў, то сёння за вялікімі сталамі ў музеі не было свабоднага месца. Да акцыі з задавальненнем далучыліся раённы Савет дэпутатаў, раённы Савет ветэранаў, васьмікласнікі СШ №1 і СШ №2 разам з класнымі кіраўнікамі Сяргеем Сахончыкам і На-дзеяй Сталярэнкай, раённыя актывісты. Прыехала з прэзентацыяй на тэму ваенных франтавых лістоў валанцёр адзінаццацікласніца віцебскай школы Соф’я Чыжыкава.

Гэтыя паштоўкі асаблівыя, з цёплымі і шчырымі віншаваннямі і пажаданнямі. Напісаныя ад рукі, яны, безумоўна, дораць часцінку бязмежнай удзячнасці тым, хто даў нам магчымасць жыць шчасліва 77 год. Яны вельмі падобныя на тыя, франтавыя, калі палявая пошта прыносіла з фронту і тылу самыя розныя весткі: і радасныя, і сумныя, калі так падтрымлівалася сувязь з роднымі, блізкімі і каханымі. Такія лісты былі дужа дарагія і чаканыя, звычайна захоўваліся як мага бліжэй да сэрца, бо цешылі і сагравалі душу, усялялі надзею, а самае галоўнае – давалі веру ў Перамогу.

21 віншавальная паштоўка мела канкрэтны адрас і была падпісана ветэранам вайны, працаўнікам тылу, вязням канцэнтрацыйных і працоўных лагераў, актывістам ветэранскага руху Шуміліншчыны. Таксама кожны мог падпісаць віншавальную паштоўку сваім блізкім, родным, сябрам. Многія падлеткі выказалі жаданне падпісаць паштоўку сваім бабулям, дзядулям і любімым настаўнікам. Яны цяпер дакладна ведаюць, як выглядалі сапраўдныя франтавыя паштоўкі і як складваліся знакамітыя трохвуголкі. Акрамя гэтага, у маладых валанцёраў Перамогі была магчымасць напісаць ліст з цяперашняга ў мінулае і такім чынам стаць удзельнікам рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Ліст Герою Перамогі», які ініцыяваў год таму БРСМ у рамках вялікай рэспубліканскай акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі».

Як расказала дырэктар музея Святлана Іванова, да акцыі далучыцца і раённы ўчастак паштовай сувязі, які даставіць Лісты Перамогі ўсім адрасатам.

Алена КАРПУШЭНКА.

Надрукавана ў №33 ад 06.05.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *