15 марта – Всемирный день потребителя

Закон Общество

“Нашы грошы, нашы правы: кампаніі за правільны выбар на рынку фінансавых паслуг” —
такі дэвіз абраны ў гэтым годзе для правядзення Дня спажыўца.
Зараз асабліва актуальным становіцца абмеркаванне пытанняў абароны правоў спажыўцоў пры набыцці фінансавых паслуг. Гэта тычыцца і спажывецкага, ільготнага крэдытавання, страхавання, парадку разлікаў грамадзян за тавары і паслугі.
Пры ўзнікненні магчымых пытанняў можна звяртацца ў аддзел эканомікі райвыканкама. Тут працуе ўпаўнаважаны па абароне правоў спажыўцоў Карпушэнка Алена Уладзіміраўна, кантактны тэлефон 45138.
Як пазбегнуць непрыемнасцей і абараніць свае інтарэсы?
Дзень спажыўца, які адзначаецца 15 сакавіка, мае адносіны да любога з нас, бо ў сучасным грамадстве кожны чалавек шукае і атрымлівае розныя тавары і паслугі. Прычым, заўсёды хочацца, каб набыты прадукт быў максімальна якасным — няважна, ідзе размова пра бытавую тэхніку, кандытарскія вырабы, цацкі, цырульню, страхавыя ці турыстычныя паслугі.
Вопыт у сферы ўзаемаадносін “страхаўшчык-страхавальнік” накоплены немалы. На жаль, не толькі станоўчы. Калі меркаваць па зваротах грамадзян у Галоўнае ўпраўленне Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, ёсць і негатыўныя факты. Якія ж умовы неабходна выконваць, каб пры страхаванні не сапсаваць сабе настрой і не мець ілюзію па адносінах да заключанага дагавора (набытага страхавога поліса)?
Перш за ўсё трэба нагадаць, што страхаўшчык, які ажыццяўляе сваю дзейнасць на тэрыторыі краіны, павінен быць зарэгістраваны ў Міністэрстве фінансаў. Рэгістрацыя пацвярджаецца наяўнасцю ў яго адпаведнай ліцэнзіі. Дзейнасць без ліцэнзіі з’яўляецца незаконнай!
Да якіх наступстваў можа прывесці падобная сітуацыя? Па-першае, пры наступленні страхавога выпадку могуць узнікнуць праблемы з пошукам страхаўшчыка, які прадаў вам страхавы прадукт. Па-другое, у патрэбны момант у спажыўца можа не аказацца інфармацыі пра неабходнасць прадастаўлення дакументаў, што пацвярджаюць права на атрыманне страхавой кампенсацыі, а тэрміны выплаты могуць зацягнуцца да бясконцасці.
Некаторыя дакументы абавязкова трэба ўлічваць і пры заключэнні дагавора са страхаўшчыком, які мае ліцэнзію. У прыватнасці, варта помніць, што калі абавязковыя віды страхавння ажыццяўляюцца на адзіных умовах, вызначаных заканадаўствам нашай краіны, то добраахвотныя віды распрацоўваюцца непасрэдна спецыялістамі страхавых кампаній, узгадняюцца ў Міністэрстве фінансаў і могуць істотна адрознівацца адзін ад аднаго.
Памятайце: няма полісаў, якія б гарантавалі вам абарону ад усіх бед, няшчасцяў і выпадковасцяў у жыцці! Пералік таго, што паслужыць падставай для выплат, указаны ў правілах для кожнага страхавання. Ужо пры заключэнні дагавора трэба дакладна даведацца, што з’яўляецца страхавым выпадкам, якія ўмовы ўплываюць на прызнанне яго страхавым, як і ў якія тэрміны варта звярнуцца ў страхавую кампанію. Таму ўважліва чытайце правілы. Ваш подпіс пад дагаворам значыць, што вы азнаёмлены і згодныя з правіламі страхавання.
Веданне ўласных правоў і выкананне абавязкаў дазволіць пазбегнуць многіх памылак. Такім чынам вы не толькі палегчыце работу супрацоўнікам страхавых кампаній, але і заўсёды будзеце ведаць, як адваяваць свае інтарэсы пры наступленні выпадку, які можа быць прызнаны страхавым.
15 сакавіка — у Дзень спажыўца — вы можаце атрымаць кансультацыі спецыялістаў па страхаванні, патэлефанаваўшы з 8.00 да 17.00 па нумары 8(0212)35-85-24.
А. ФІЛІМОНАЎ, начальнік страхавога нагляду Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці.
Пакупнік, будзь асцярожным
Сёлета спаўняецца 50 год, як па рашэнні ААН пачаў адзначацца Сусветны дзень спажыўца. Спажыўцы – гэта ўсе мы. І тыя, хто атрымлівае паслугі, і тыя, хто іх прадастаўляе. Бо сёння – ты прадаеш, рамантуеш, а заўтра – сам купляеш, запрашаеш да сябе майстра. Жыццё паказала, што многае ва ўзаемаадносінах тых, хто прадастаўляе і атрымлівае паслугу, трэба рэгламентаваць законам. Закон ёсць, але пытанні не заканчваюцца. Вось і на рэдакцыйны тэлефон звярнуўся пакупнік:
– Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў” гарантуе абарону правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў. Я разумею, што маю права памяняць няякасны тавар. А што рабіць пакупніку, калі ў магазіне ён незнарок пашкодзіў тавар, пры гэтым не трымаў яго ў руках, не збіраўся купляць, а проста зачапіў сумкай ці палой паліто выстаўлены на падлозе крохкі гаршчок? Аплаціў, а на душы крыўдна, не хочацца больш заходзіць у гэты аддзел магазіна…
Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі юрыста райспажыўтаварыства А. А. Аўтушка.
–  У даным выпадку нават няма неабходнасці звяртацца да “Закона аб абароне правоў спажыўца”. Дастаткова звярнуцца да “Правілаў гандлю”, згодна з якімі ўвесь тавар у магазіне павінен выстаўляцца і выкладацца зручна і надзейна. А калі пакупнік зачапіў няўстойліва пастаўлены тавар, дык тут віна кладзецца на гандлёвых работнікаў, якія не ўсё прадугледзелі, выстаўляючы яго на паліцы ці падлогу. Нават калі пакупнік узяўся за тавар, а побач нешта падае, ён адказнасці не нясе, безумоўна, калі не робіць гэтага наўмысна.
Падрыхтавала Таццяна МАШАРСКАЯ.
Надрукавана ў №21 ад 13.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *