В Обольском сельсовете прошли встречи с населением рабочих групп райисполкома

Главное Общество Президент

Клопаты дачныя і радасці вясковыя

На мінулымі тыдні Дзень работы з насельніцтвам прайшоў на тэрыторыі Обальскага сельсавета. За тры дні, 12-14 мая, рабочыя групы, у склад якіх уваходзілі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна і розных службаў, аб’ехалі ўсе вёскі сельсавета і сустрэліся з мясцовымі жыхарамі і дачнікамі, каб высветліць, якімі клопатамі яны жывуць.

Група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам адпрацавала па маршруце Лявонава-Падоры-Шыліна-Ваўчкі-Клетчына-Пусташы-Чэрчыцы-Убоіна-Слудашы-Шашы.

Адразу адзначым высокую актыўнасць мясцовага насельніцтва, іх неабыякавыя адносіны да ўсяго, што адбываецца навокал. У кожнай вёсцы на сустрэчу з гасцямі збіралася багата людзей, дзяліліся і добрымі навінамі, і набалелым. Так што сходы праходзілі даволі актыўна. Вёўся жывы дыялог па ўсіх сферах жыццядзейнасці, а шляхі вырашэння праблем шукалі разам. Практычна ўсюды гаварылі пра грамадзянскія могілкі, іх стан, пра пад’язныя дарогі да іх – вяскоўцы хочуць, каб да Тройцы праблемныя пытанні былі зняты і яны маглі наведаць памерлых сваякоў.

Першым на маршруце было Лявонава. Старэйшына вёскі М. Л. Петручэня расказаў, чым сёння жывуць вяскоўцы, з якімі праблемамі сутыкаюцца. Мікалая Лявонцьевіча дапаўнялі жыхары. У прыватнасці, казалі пра небяспеку, якую нясуць некаторыя каналізацыйныя люкі. Жыхары Лявонава добра разумеюць, што і ад іх саміх залежыць, якой будзе іх родная вёска.

Традыцыйна вясной жыхары вёскі Падоры атрымліваюць праблему з дарогай. Сёлета дарожныя службы пачалі ўжо яе рамантаваць. Майстар ДРБУ-204 Аляксандр Уласаў запэўніў, што ў бліжэйшыя пару тыдняў з дарогай справяцца.

Обальшчыну, асабліва вёскі ўздоўж рэк Заходняя Дзвіна і Обаль, аблюбавалі дачнікі. Яны перабраліся ўжо на лета на свае сядзібы і паспелі адчуць усе прывабнасці вясковага побыту. Ціха, спакойна … У Ваўчках жывуць толькі дачнікі, з кожным годам у Чэрчыцах, Убоіне, Шашах усё больш набываюць дачы гараджане з Наваполацка і Полацка, Віцебска і Мінска. Ім падабаюцца гэтыя мясціны і хочацца, каб сучасныя даброты тут былі не меншымі, чым у гарадах. Так, напрыклад, у Ваўчках выказвалі незадаволенасць асартыментам аўтамагазінаў, маўляў, толькі адзін гатунак безгатункавай каўбасы можна купіць, ды ёсць і іншыя пытанні. Хаця ў Шыліне дзякавалі за асартымент крамы на колах, вяскоўцы казалі, што калі чаго няма, то ў наступны раз прывозяць.

Сустрэча ў вёсцы Чэрчыцы пачалася з падзякі ад жыхароў: «У мінулым годзе на падобным схо-дзе мы прасілі, каб на аўтобусным прыпынку зрабілі навес. Дзякуй за яго. Цяпер у любое надвор’е без праблем чакаем аўтобус». А вось сустрэчу ва Убоіне пачаў часова выконваючы абавязкі старшыні Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў: «Хачу вам падзякаваць, што вы ўсёй вёскай, усёй талакой напярэдадні Дня Перамогі добраўпарадкавалі брацкія могілкі!».

  Мікалай Будневіч падкрэсліў, што ўсе ўзнятыя вяскоўцамі пытанні будуць на кантролі раённай улады.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *