Химпрополки, подкормки – уход за посевами в КУСП «Мишневичи»

Сельское хозяйство

 Два ў адным: праполка і падкормка

Па арганізацыі работ на хімпраполцы азімых зерневых спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама выдзяляюць КУСГП «Мішневічы».

  «Дзякуючы нашаму вопытнаму механізатару Аляксею Зімяніну, мы заканчваем хімпраполку 400 га азімых зерневых, што пасадзілі з восені, – кажа дырэктар гаспадаркі Уладзімір Груца. – Адзінаццацітонную бочку вады на поле падвозіць Сяргей Кліменцьеў.  Ядахімікаты, якія мы набылі ў “Віцебскаблаграсэрвісе” пад ураджай будучага года, разводзяцца ў патрэбных прапорцыях прама на полі».

  Разам з Уладзімірам Груцам і галоўным эканамістам гаспадаркі Аленай Груца, якая яшчэ перад пасяўной падрыхтавала механізатарам папкі з расцэнкамі, едзем на палеткі за Заобаль. Аляксей Зімянін кажа, што кіраўніцтва гаспадаркі часта бывае на палетках. Няхай кантралююць, ён жа сваю работу ведае і робіць якасна, пры рабоце прымяняе сродкі аховы: ёсць гумавыя пальчаткі і рэспіратар. За дзень робіць праполку 40-50 гектараў. Асаблівасць работы ў тым, што ў раствор з ядахімікатамі дадаецца яшчэ і КАС. Гэта карыснае азотнае ўгнаенне выступае ў якасці «прыліпалы» і адкрывае поры ў пустазелля, куды без перашкод трапляюць гербіцыды. Такім чынам Аляксей Зімянін адначасова робіць дзве работы: і хімпраполку, і падкормку. Гэта зручна і эканамічна ў матэрыяльным плане, бо не трэба лішні раз ганяць тэхніку па адным і тым жа полі.

  Неўзабаве Аляксей Зімянін прыступіць да хімпраполкі яравога рапсу – чакаюць «фазу трох лістоў». Сваёй чаргі чакаюць яравыя зерневыя, якіх у гаспадарцы засеяна 400 гектараў.

Ларыса ЗАЙЦАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *