Путешествие по Шумилинскому району: «Тайны Козьянщины»

Край шумілінскі Молодёжь

Па маршруце «Таямніцы Казьяншчыны»

Турыстычна-інфармацыйны пункт «Шуміліна» фізкультурна-аздараўленчага цэнтра сёлета актывізаваў работу па арганізацыі турыстычных экскурсій.

«Ужо праведзены пяць паездак. Пазнаваць Беларусь – гэта здорава, – расказвае інструктар-метадыст ФАЦ Ірына Кулікава. –  Але атрымліваецца, што людзі ведаюць розныя мясціны краіны і зусім не ведаюць свой раён. А попыт на мясцовыя экскурсіі ёсць. Асабліва ў Год гістарычнай памяці».

Ірына Кулікава адзначае, што прапрацоўваліся розныя мясцовыя маршруты. А калі да іх звярнулася настаўніца Шумілінскай СШ №2 Таццяна Вашадок з прапановай правесці экскурсію па мішневіцкай зямлі, справа значна паскорылася. Так з’явіўся экскурсійны тур «Таямніцы Казьяншчыны». Ірына Уладзіміраўна падкрэслівае, што змест экскурсіі можа мяняцца ў залежнасці ад інтарэсаў турыстаў. Нядаўна вучні Шумілінскай СШ №2, а разам з імі і карэспандэнт раённай газеты наведалі новы маршрут.

Сіроціна

Памяць пра Вялікую Айчынную вайну святая. І на сіроцінскай зямлі яскрава адчуваецца гераізм і трагізм ваенных гадоў. Першы прыпынак – мемарыяльны комплекс у Тропіне. Дзеці ўсклалі кветкі да брацкіх могілак савецкіх салдат. «Мы перамаглі. Мы ганарымся подзвігам воінаў-вызваліцеляў», – адзначалі школьнікі, стоячы каля мемарыяла.

У поўнай меры разумееш пра генацыд народа Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ля помніка расстраляным яўрэям – жыхарам Сіроціна. Дырэктар заказніка «Казьянскі»  Аляксандр Дабравольскі добра ведае гэтыя мясціны. Ён расказаў пра гісторыю Сіроціна, адзначыў, што гэта было вялікае яўрэйскае мястэчка, з трыма яўрэйскімі і адзіным праваслаўным храмамі. Вучні пабывалі на цэнтральнай плошчы, пабачылі рэшткі царквы.

Мішневічы

–  Гісторыя Мішневіч – гэта больш за 5 стагоддзяў існавання, – пачала экскурсію былы дырэктар Мішневіцкай школы Валянціна Курчанава.

Экскурсанты наведалі мураваныя фундаменты млына XIX стагоддзя, пабачылі піхту, якую пасадзіў вядомы селекцыянер Аркадзь Лапо, які нарадзіўся ў вёсцы Жданоўка, пачулі два варыянты легенд пра каменны крыж і сасну.

У Мішневічах пабывалі ў офісе заказніка «Казьянскі». Спецыяліст установы Людміла Тарасава распавяла пра ўнікальнасць заказніка, чырванакніжныя расліны і жывёлу, згадала пра Обальскія балоты, турыстычныя маршруты, папулярныя нават сярод замежных турыстаў.

 

Сураўні

У Казьянскім лясніцтве майстар лесу Віктар Сікорскі расказаў чым займаюцца ў Шумілінскім лясгасе, адзначыў, што прафесіі майстра лесу і лесніка – цікавыя і патрэбныя. «Калі вы любіце лес, шануеце прыроду, паступайце ў лясныя ўстановы адукацыі», – падкрэсліў ён.

Казьяны

У Казьянах наведалі дубовую алею, закладзеную ў XIX стагоддзі. Уражваюць дубы, якія з цяжкасцю ахопліваюць трое дарослых. Вучні пачулі гісторыю пра Кацярынінскі тракт.

Казьяншчына  – партызанскі край. Тут фашысты ні дня не маглі спакойна жыць. Ад свайго бяссілля і нянавісці яны спальвалі цэлыя вёскі разам з жыхарамі. Стаяць уздоўж дарогі абеліскі ў памяць вогненных вёсак  Дражакі, Зуёва, Ямішча… Яны маўклівыя сведкі фактаў генацыду беларускага народа ў гады вайны. Ля абеліска вёскі Дражакі турысты пасадзілі нарцысы, якія кожную вясну будуць нагадваць пра бясконцасць і неўміручасць жыцця.

 

Па дарозе дамоў

Завяршылася экскурсія ва ўрочышчы Мазуры. Тут ўстаноўлены памятны знак на месцы, дзе ў чэрвені 1944 года пачалася аперацыя «Баграціён», пачалося вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *