На ахове грамадскага здароўя
Шумілінскаму раённаму цэнтру гігіены і эпідэміялогіі – 80 год
З ГІСТОРЫІ.
10 сакавіка 1946 года пачаў работу аддзел эпідэміялогіі пры раённай бальніцы Сіроцінскага раёна. Пасля да яго дадаўся санітарны аддзел з паразіталагічнай і санітарна-хімічнай лабараторыямі. Станаўленне санітарнай службы рэгіёна праходзіла ў цеснай сувязі з гістарычнымі, палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі зменамі ў краіне. Неабходнасць у ёй была абумоўлена барацьбой з эпідэміямі інфекцыйных хвароб, якія ўзнікалі ў цяжкія і складаныя гады Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе. Свайго транспарту і будынка не было. Аддзел размяшчаўся ў старым будынку на вуліцы Сіпко.
Першым галоўным санітарным урачом раёна быў Міхаіл Аляксеевіч Шамаль. Потым санітарную службу ўзначальвалі Віктар Хацкелевіч Стам, Яўген Іванавіч Цымбалаў. Каля 40 гадоў, са жніўня 1972 да 2013 года санстанцыяй кіраваў Валерый Рафаілавіч Бурэнь. З 2013 да 2018 года раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўзначальваў Сяргей Алегавіч Конышаў, які зараз узначальвае санітарную службу Віцебскай вобласці. Са жніўня 2018 года галоўным урачом РЦГЭ працуе Крысціна Мікалаеўна Афанасьева.
Развіццё санітарнай службы, патрабаванні часу выклікалі і змяненні ў структуры і функцыях установы. Асновай цэнтра быў санітарна-эпідэміялагічны аддзел і лабараторыі, якія праводзілі разнастайныя даследаванні. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС з’явілася радыялагічная лабараторыя. Паспяховая ліквідацыя асноўных масавых інфекцый, аптымізацыя работы санітарнай службы, фарміраванне міжраённых лабараторый прывялі да закрыцця ў 2012 годзе паразіталагічнай і санітарна-хімічнай лабараторый. З 2021 года не функцыянуе мікрабіялагічная лабараторыя. Тэрыторыю Шумілінскага раёна абслугоўвае лабараторны аддзел Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Напярэдадні шаноўнага юбілею РЦГЭ размаўляем з галоўным санітарным урачом Шумілінскага раёна Крысцінай АФАНАСЬЕВАЙ. Яна прыйшла ў цэнтр маладым урачом у 2010 годзе і была адзіным спецыялістам, акрамя галоўнага ўрача, з вышэйшай адукацыяй. З таго часу нязменна працуе ў РЦГЭ, вось ужо амаль 8 год кіруе медыцынскай установай.
— За апошнія гады на высокім узроўні адбылося ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра: праведзены рамонты фасада будынка і ўнутраных памяшканняў, набыты новы легкавы аўтамабіль для выканання пастаўленых перад санітарнай службай задач. Кожнае працоўнае месца абсталявана камп’ютарам і капіравальна-размнажальнай тэхнікай, створаны рабочыя месцы, якія адпавядаюць заканадаўству аб працы.
— А як вырашаецца кадравае пытанне?
— Хачу адзначыць, што нашы супрацоўнікі імкнуцца да прафесійнага росту, павышэння кваліфікацыі. На сённяшні дзень два спецыялісты РЦГЭ вучацца на медыка-прафілактычных факультэтах медыцынскіх універсітэтаў Мінска і Гомеля. У той жа час дэфіцыту спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй мы не адчуваем. Выпускнікі каледжаў ахвотна едуць на адпрацоўку ў Шуміліна. Мы іх падтрымліваем, вучым, замацоўваем настаўнікаў. Многія вяртаюцца на сваю радзіму пасля абавязковай адпрацоўкі ці паспяхова працуюць у санітарнай службе Віцебска, Полацка і Наваполацка.
— Як змянялася дзейнасць цэнтра гігіены і эпідэміялогіі з цягам часу?
— За апошнія гады вектар работы санітарнай службы моцна змяніўся ў бок прафілактыкі, а не канстатацыі парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства. Нашай мэтай з’яўляецца забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва раёна, прафілактыка захворванняў, аздараўленне асяроддзя і ўмоў жыццядзейнасці чалавека. Усё гэта дасягаецца шляхам рэалізацыі мер па папярэджанні, выяўленні і спыненні парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, падрыхтоўцы і ўнясенні ў органы ўлады прапаноў па прафілактыцы і зніжэнні захворвання насельніцтва, аздараўлення асяроддзя ў населеных пунктах, ажыццяўлення дзяржаўнай санітарнагігіенічнай экспертызы аб’ектаў, работ і паслуг, якія ўяўляюць патэнцыйную небяспеку, умоў працы работнікаў.
У рамках сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу праводзяцца санітарна-гігіенічныя, таксікалагічныя і мікрабіялагічныя даследаванні харчовых прадуктаў, пітной вады, глебы, атмасфернага паветра і інш. Займаемся інфармаваннем насельніцтва аб гігіенічнай і эпідэміялагічнай абстаноўцы, праводзім санітарна-прафілактычныя мерапрыемствы, па гігіенічным навучанні і выхаванні насельніцтва, фарміраванні здаровага ладу жыцця.
— У вас ёсць магчымасць павіншаваць з юбілеем установы работнікаў санітарнай службы Шуміліншчыны.
— Сёння, у дзень юбілею нашай установы, хачу павіншаваць і выказаць словы шчырай удзячнасці нашым ветэранам – Марыне Фёдараўне Аляксеенка, Галіне Міхайлаўне Багрэц, Святлане Якаўлеўне Батаковай, Паліне Мікалаеўне Бароўкінай, Валянціне Уладзіміраўне Шарафутдзінавай, Алене Вікенцьеўне Рыбнік, Сазідзе Гільметдзінаўне Асадчай, Але Мікалаеўне Івановай, якія шмат гадоў добрасумленна адпрацавалі ў санітарнай службе раёна, перадалі свой вопыт маладым спецыялістам, падрыхтавалі годную змену.
Віншую і цяперашніх работнікаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія годна і прафесійна выконваюць свае абавязкі і стаяць на варце грамадскага здароўя.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ


