«Белвест» предлагает трудоустроить работников Обольского керамического завода

Общество Экономика

Размова без фармалізму
Пісаць пра Обальскі керамічны завод у такім ключы не прыходзілася, напэўна, ніколі. Але становішча, якое склалася на заводзе, прывяло да крайняга — да неабходнасці скарачэння колькасці работнікаў. Для невялікага пасёлка, дзе керамічны завод –горадаўтвараючае прадпрыемства, пытанне працаўладкавання людзей адразу становіцца складаным.
Раённыя ўлады, кіраўніцтва завода разумеюць праблему і робяць усе, каб ніводны чалавек не застаўся без працы. Работа па ўладкаванні людзей вядзецца пастаянна, як з обальскімі прадпрыемствамі, так і з віцебскімі, і полацкімі арганізацыямі. Знойдзена агульная мова з УП ЖКГ, “Полацкгазам”, іншымі арганізацыямі. Але яны гатовыя ўладкаваць па некалькі чалавек, а гэта не здымае праблемы.
Адгукнуўся на праблему абальчан “Белвест”. На завод завітала прадстаўнічая дэлегацыя на чале з намеснікам генеральнага дырэктара М. М. Шатуновым. Размова праходзіла ў адкрытай, шчырай атмасферы, без фармалізму.
“Наша прадпрыемства актыўна развіваецца і пачало адчуваць кадравы голад, бо кадравы патэнцыял Віцебска і наваколляў вычарпаны, — пачаў размову М. М. Шатуноў. – Мы разумеем цяжкае становішча, у якім вы апынуліся, і гатовы падтрымаць вас. Больш таго, мы зацікаўлены ў тым, каб вы сумленна абралі работу на нашым прадпрыемстве і засталіся з намі надоўга”.
На “Белвесце” згодны арганізаваць падвоз людзей у Віцебск для навучання і далейшай работы на абутковай фабрыцы. Тут гатовы вывучаць і пытанне аб арганізацыі вытворчасці на месцы, у Обалі, але канкрэтныя рашэнні будуць прымацца толькі ў тым выпадку, калі будзе дастаткова кваліфікаваных работнікаў-абальчан, каб наладзіць работу філіяла.
Прадстаўнікі “Белвеста” падрабязна расказалі пра ўмовы работы, патрабаванні да работнікаў, парадак уладкавання на прадпрыемства. Пастаянна падкрэслівалася, што на фабрыцы чакаюць асэнсаванага выбару ад абальчан. Не ўтойвалі, што работа на фабрыцы адказная і складаная, не ўсе вытрымліваюць работу на канвееры, на адной вузкай аперацыі, жорсткую дысцыпліну. Але тыя, хто жадаюць працаваць, павышаюць сваю кваліфікацыю, працуюць сумленна, і заробкі атрымліваюць прыстойныя (сярэдняя зарплата на прадпрыемстве каля 2,8 мільёна рублёў). Патрабуюцца на фабрыку ў асноўным жанчыны, але гатовыя ўзяць у змену і 4-5 мужчын.
Расказалі аб сацыяльным пакеце для работнікаў: два водпускі – зімой і летам, сацыяльныя водпускі, сталовая, уласная паліклініка, спецадзенне і г. д. На прадпрыемстве дзейнічае прафсаюзная арганізацыя, заключаецца калектыўны дагавор.
Прадстаўнікі “Белвесту” падрабязна і шчыра адказвалі на пытанні, якія задавалі работнікі ОКЗ. Так, у прыватнасці, было актуальным пытанне: “Пад скарачэнне трапляе шмат жанчын перадпенсійнага ўзросту, ці возьмуць іх на работу?” Адказ быў шчыры: “Хутчэй за ўсё вы не падыдзеце нам. Але калі вы адчуваеце магчымасць перавучыцца, калі хопіць сіл вытрымаць рэжым работы, то знойдзем падыходзячую працу для кожнага”.
— Ці ёсць на прадпрыемстве інтэрнат для рабочых?
— Не.
— Як хутка вырашыцца пытанне аб працаўладкаванні?
– Мы не маем намеру цягнуць і марнаваць час. Вашы анкеты будуць вывучаны на працягу некалькіх дзён, арганізуем ваша знаёмства з вытворчасцю, неабходна прайсці медкамісію па месцы жыхарства, арганізуем падвоз, і калі набярэцца дастаткова людзей – калі ласка, на работу.
“Мы дзелавыя людзі. Наша прадпрыемства нясе больш рызыкі, чым вы. Мы ўкладваем грошы ў ваша навучанне, перавозку – усё гэта вельмі нятанна. Таму яшчэ раз падкрэсліваю – узважце ўсе плюсы і мінусы для сябе і сваіх сем’яў. Ваша рашэнне не павінна быць выпадковым і скараспелым, яно павінна быць асэнсаваным і ўзважаным. Наша прадпрыемства зацікаўлена менавіта ў такім вашым рашэнні,” – завяршыў гутарку прадстаўнік “Белвеста”.
Зразумела, што прыняць рашэнне аб змене прафесіі, месцы работы вельмі няпроста. Таму і разыходзіліся са сходу з гоманам, абмеркаваннем пачутага. Гучала і думка аб тым, што лепш захаваць вытворчасць і не скарачаць нікога. Але для многіх сход і размова на ім сталі кропкай прыняцця рашэння. Так, пасля сходу два дзясяткі чалавек запоўнілі анкеты ў аддзел кадраў “Белвеста”, а з сарака чалавек, што напісалі іх раней, забралі толькі пяцёра.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №21 ад 13.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *