В Афганистане Александру Иванову помогли выжить молитвы матери

Общество

Выжыць дапамаглі матчыны малітвы
Аляксандра Яўгенавіча Іванова ведаюць у ААТ “Прыазёрны мір” як добрага механізатара. Ніводная пасяўная ці ўборачная не абыходзіцца без яго. Да свайго МТЗ-1221 падчапляе плугі, сеялкі, культыватары – і шчыруе на палетках . І не разумее тых, хто скардзіцца на “гарачы час”, на смагу  і цяжкасці. Мужчына не па расказах ведае, што такое па-сапраўднаму горача, калі, здаецца, страчваеш прытомнасць ад смагі – прайшоў афганскае гарніла вайны.
У дзевятнаццаць гадоў Аляксандра Іванова прызвалі на тэрміновую службу.  У вучэбны батальён адправілі ў Ташкент. Але да прысягі хлопец не ведаў, што пасля гэтай “вучэбкі” ўсіх накіроўваюць у Афганістан.  Калі даведаўся, то ніколькі не спужаўся – рамантыка і маладосць бралі сваё. Але хутка  прыйшлі зусім іншыя пачуцці. Ілюзіі развеяліся: А. Я. Іваноў зразумеў, што трапіў на сапраўдную вайну.
“Некалькі месяцаў служыў у Баграме ў батальёне сувязі, а потым перавялі ў разведвальны батальён, – расказвае Аляксандр. – Неаднойчы хадзіў у разведку,  сядзеў у засадах, высочваючы караваны “душманаў”. Вельмі страшнымі былі першыя баі: здавалася, што кожная куля ляціць менавіта ў цябе. Самае балючае было пасля баёў: колькі нашых салдат палягло на афганскай зямлі”.
“Мы прывыклі, што ў нас калі чалавек шчыры і добры, то ён такі заўсёды, – кажа мужчына. – А ў  Баграме ўсё не так. Днём мясцовыя жыхары былі гасціннымі, прыемна ўсміхаліся, нават частавалі нас, а ноччу стралялі ў спіну. Таму за два гады службы жыццё прывучыла не верыць местачкоўцам”.
Аляксандр Яўгенавіч прызнаецца, што многае хочацца забыць з афганскай вайны. Кажа, што “выстаяць і не зламацца” дапамагалі абяцанне родным вярнуцца дадому і матчыны малітвы.
Аляксандр Яўгенавіч ніколі не пажадае сваім дзецям і знаёмым прайсці праз  вайну. Як ніхто іншы,  ён асабліва цэніць мірны дзень, даражыць сваёй сям’ёй і работай.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №12 ад 13.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *