Доска почёта Шумилинского района: Пригодич Наталья Макаровна

Здоровье Общество

Доктар Макараўна

Менавіта так называюць жыхары аграгарадка Слабада і блізляжачых вёсак свайго галоўнага медыка – загадчыцу Слабадскога фельчарска-акушэрскага пункта Наталлю Макараўну ПРЫГОДЗІЧ, якая ў іх за ўрача, медсястру, аптэкара і псіхолага. У словах – павага, прызнанне і адносіны да чалавека. А вось адносіны медыка да прафесійных абавязкаў, выкананне вытворчых паказчыкаў сёлета адзначаны і ацэнены на раённым узроўні – прозвішча Наталлі Прыгодзіч занесена на раённую Дошку гонару. Напярэдадні свята мы адправіліся ў аграгарадок, каб пагаварыць з медыкам, ці цяжка быць адзіным медработнікам на самым буйным ФАПе ў раёне, пра прафесійны абавязак і адносіны да жыцця і людзей.

 

42-гі год у медыцыне. Падумаць толькі. Сама Наталля Макараўна не дужа і верыць у гэтыя лічбы, хаця яны, як вядома, рэч упартая. І, калі разабрацца, колькі ўсяго за плячыма і ў жыццёвым багажу!

Родам з Гомельшчыны, пасля васьмі класаў Наталля паступіла і закончыла Рагачоўскае медвучы-лішча, быць медыкам марыла з дзяцінства. Калі б рана не выйшла замуж за свайго Мікалая і не з’явілася неўзабаве на свет першая дачушка, пайшла б у медуніверсітэт, прызнаецца яна сёння.

А так пачаліся працоўныя будні, якія маладому медыку літаральна з першых дзён вельмі былі па душы. Пасля 9 год работы на Давыдоўскім Фапе на Светлагоршчыне «грымнуў» Чарнобыль, і сям’я паехала на Віцебшчыну на больш чыстую тэрыторыю. Так Прыгодзічы апынуліся ў Вярхоўі Бешанковіцкага раёна, дзе Наталля спачатку знайшла месца медсястры ў садку, пасля ўладкавалася фельчарам хуткай дапамогі ў Бешанковіцкую ЦРБ. Потым была работа акушэрам у раддоме Віцебска. Так што медшкола пройдзена разнастайная і шматпланавая.

У 2013 годзе Мікалая Прыгодзіча накіравалі ў аграгарадок Слабада кіраваць сельгапрадпрыемствам. Разам, вядома, прыехалі жонка Наталля і дзве дачкі: Наташа і Каця. Медыку па адукацыі прапанавалі месца загадчыцы Слабадскога ФАПа, самага вялікага па колькасці абслугоўвання насельніцтва. І тут новы загадчык узялася за справу, працавала з поўнай аддачай, бо толькі любімай справе аддаеш усе сілы, веды, укладваеш душу. Вельмі хутка ўдалося заваяваць аўтарытэт: узяла ведамі, вопытам, чалавечнасцю.

«Усе мае аднавяскоўцы ведаюць, што я ніколі нікому не адмаўляю, – кажа загадчыца ФАПа. – У кожнага жыхара ёсць мой мабільны тэлефон, і пры неабходнасці можна звяртацца за дапамогай і днём, і ноччу. Я дакладна ведаю, што добрыя адносіны і ўвага таксама дапамагаюць у лячэнні. Тут жа ўсе вакол суседзі ці блізкія, і так хочацца, каб усе былі здаровыя».

Сёння медыцынскі ўчастак у Слабадзе – гэта 720 чалавек, з іх 72 чалавекі  да 18 год. За дзень на прыём да Наталлі Макараўны прыходзіць прыкладна 10-15 чалавек. Абавязкаў, зразумела, шмат: выклікі дадому, патранаж дзяцей, ін’екцыі, прызначэнне аналізаў і непасрэднае ажыццяўленне некаторых з іх,  прышчэпкі, кантроль жанчын на анкапаталогію. Да таго ж, на ёй і аптэка, дзе жыхары могуць набыць медыкаменты. Загадчыца вельмі ўдзячна сваёй памочніцы, санітарцы Людміле Мікалаеўне Калеснікавай, якая вельмі дапамагае ў рабоце

Сіл і энергіі Наталлі Прыгодзіч хапае і на тое, каб часова, пакуль адсутнічае спецыяліст, абслугоўваць насельніцтва Амбросавіцкага ФАПа. Такі прынцып і жыццёвае крэда «доктара Макараўны»: дапамажы, калі можаш, калі гэта ў тваіх сілах. Толькі сапраўдны медык валодае пачуццём спагады, міласэрнасці і чалавекалюбства.

Н. М. Прыгодзіч вельмі ганарыцца сваімі дачкамі, абедзве, дарэчы, пайшлі па яе шляху, таксама апранулі белыя халаты і працуюць зараз медсёстрамі ва ўралагічным аддзяленні Віцебскай абласной бальніцы. Прыносяць карысць людзям, як і мама.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *