“Жанчына Шуміліншчыны”

Общество

З. В. Шавяка

Усмешка спрыяе гандлю
Высокага звання “Жанчына Шуміліншчыны” ў намінацыі “Жанчына ў сферы паслуг” удастоена прадавец райспажыўтаварыства Зінаіда Васільеўна Шавяка.
Размаўляць з Зінаідай Васільеўнай можна доўга. З ёй лёгка знаходзіш агульныя тэмы. Гаворыць яна адкрыта, з ледзь прыкметнай усмешкай. Нават не ведаючы прафесію З. В. Шавякі, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што яна працуе ў сферы паслуг.
У райспажыўтаварыстве Зінаіда Васільеўна ўжо амаль 40 год. “Пачынала з сакратарскай работы ў прыёмнай райспажыўтаварыства, — успамінае жанчына, — у той час нават і не думала, што стану прадаўцом.  Закончыла тэхнікум. Прапанавалі папрацаваць у “Дзіцячым свеце” ўнівермагу. Згадзілася. І вось ужо чатыры дзесяткі гадоў за прылаўкам.”
З першых дзён працы Зінаіда Шавяка ўзяла на ўзбраенне ўсмешку і тую аксіёму, што пакупнік заўсёды мае рацыю.
“Кожная пакупка, нават самая дробная, павінна несці пакупніку радасць, а таму ў нашай справе без усмешкі ніяк нельга”, — упэўнена і сёння З. В. Шавяка.
Апошнія гадоў сем Зінаіда Васільеўна працуе загадчыцай магазіна “Вясковы”, што ў аграгарадку Светласельскі. Радуе яе, што разам з аграгарадком новае жыццё атрымала і крама. У адноўленым магазіне і прадаўцам камфортна, і пакупнікам прыемна. Тым больш, што асартымент тавараў тут добры (безумоўна, у гэтым вялікая заслуга загадчыцы). За дзень праз “Вясковы” праходзяць каля трохсот пакупнікоў, сярэдняя выручка за месяц складае каля 120 мільёнаў рублёў.
“Апошнія гады адчуваем канкурэнцыю: у нашым мікрараёне пабольшаыла магазінаў, — дзеліцца З. В. Шавяка. — Гэта прымушае нас працаваць яшчэ лепш, каб пакупнік не збег ад нас”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *