“Жанчына Шуміліншчыны”

Общество

Г. А. Котава

“Гэта наш залаты чалавек”
Сацыяльная служба патрабуе ад спецыяліста вялікага цярпення, умення выслухаць, паспачуваць. Усе гэтыя рысы характэрны для сацыяльнага работніка Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіны Анатольеўны Котавай. Нездарма яна ўдастоена звання “Жанчына Шуміліншчыны” ў намінацыі “Жанчына ў сферы занятасці, сацыяльнай абароны”.
Галіна Анатольеўна ўраўнаважаная, спакойная. Здаецца, гэты спакой перадаецца і яе падапечным. Інакш з тымі, каму патрабуецца дапамога, нельга, лічыць Г. А. Котава.
Сацыяльным работнікам жанчына працуе сямнаццаты год, і часта рабочы дзень яе пачынаецца з прыгатавання сняданку для сваіх падапечных.
Тым не менш не толькі гатаваць ежу прыходзіцца Г. А. Котавай, але і ў хаце прыбіраць, і шпалеры клеіць, і за прадуктамі ў магазін хадзіць, і лякарствы ў аптэцы купляць, і ваду са студні насіць, і шмат чаго іншага. “Харошая наша Галіна, усё для нас робіць, што ні папросіш. У яе ж тысячы розных спраў, і з усімі спраўляецца, – гавораць яе падапечныя. – Гэта наш залаты чалавек, наша памочніца…”
За дзень Галіне Анатольеўне прыходзіцца пераадольваць не адзін кіламетр, бо жывуць яе падапечныя на розных вуліцах Шуміліна. Летам выручае веласіпед, а зімой ходзіць пешшу. “Нічога, – усміхаецца Галіна Анатольеўна. – Хадзіць для здароўя карысна.”
Ёсць у Г. А. Котавай і “даўнія кліенты”. Напрыклад, Юлію Ігнатаўну Ільінец абслугоўвае ўжо шаснаццаць гадоў. І калі жанчына святкавала свой стогадовы юбілей, папрасіла родных абавязкова запрасіць на свята і Галіну, бо “яна ж, як родная дачка”.
Заслужыла Галіна Анатольеўна такіх адносінаў. За цеплыню свайго сэрца, за душэўнасць, за разуменне праблем тых, каму сёння цяжка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *