Доска почёта Шумилиснкого района: механизатор ОАО «Лежни» Семён Лазуко

Сельское хозяйство

Вядомы працоўнымі поспехамі

Праязджаючы па дарозе, ён углядваецца ў роўныя палеткі, дзе вясной працавалі МТЗ з плугамі, культыватарам і дыскамі. Поле роўнае, дагледжанае, на ім густа ўзышлі яравыя, якія набіраюць сілу. Душа радуецца ў Сямёна Сцяпанавіча Лазукі, механізатара ААТ «Ляжні», чыё прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

«Наш Сямён Лазука вядомы працоўнымі поспехамі, – кажа кіраўніцтва ААТ “Ляжні”. – Ён талковы механізатар, шчыры чалавек і сябар. Па характары – безадказны. Калектыў яго паважае і цэніць за працавітасць і залатыя рукі».

Сямёна Лазуку, які з 1980 года працуе ў гаспадарцы, добра ведаюць не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Ён неаднаразова выходзіў пераможцам вытворчых спаборніцтваў. Родам з вёскі Беразніца, Сямён вывучыўся на механізатара ў Гарадку і прыйшоў працаваць у калгас імя Чапаева. Пасля тэрміновай ваеннай службы вярнуўся.

«Добра помню свой першы трактар МТЗ-50, – кажа механізатар. – І плугі да яго падчапляў, і бароны. Працаваў на ўсіх відах работ. Затым у гаспадарку “прыйшоў” МТЗ-80, потым – МТЗ-82. Сёння працую на МТЗ-3522. Новыя энерганасычаныя трактары радуюць сваёй дасканаласцю і надзейнасцю».

Зараз у сельгаспрадпрыемстве ідзе нарыхтоўка кармоў. І ўсе вопытныя механізатары шчыруюць на палетках. Сямён Лазука на МТЗ з прычэпам за дзень прывозіць да сянажнай траншэі па дзесяць прычэпаў зялёнай масы.

Калі закончыцца касавіца, Сямён Лазука падчэпіць да трактара плугі ці дыскі  – і на ворыва, рыхтаваць глебу пад сяўбу азімага рапсу. Неўзабаве і ўборка зерневых падаспее, дзе не абысціся без механізатараў на адвозцы. А потым трэба рыхтаваць глебу пад сяўбу азімых зерневых. Ну, а ў зімовы перыяд Сямён Лазука падвозіць кармы да фермаў, рамантуе трактар.

Сямён Лазука – чалавек вясковага складу. Ён ніколі не марыў пра вялікія гарады. Вернасць сваёй маленькай радзіме – ад бацькоў. Дарэчы, у мясцовай гаспадарцы працуюць і два родныя браты – старэйшы Міхаіл  і малодшы Мікалай. Усе рупяцца на трактарах. Разам рамантуюць, дапамагаюць адзін аднаму – па-братэрску.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *