100 баллов по русскому язуку набрала на ЦТ Оксана Шкляр из Шумилино

Молодёжь Образование

Выпускніца СШ №1 Аксана Шкляр набрала 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціравані па рускай мове.

 

  Сёлета цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове на 100 балаў напісалі 43 абітурыенты. У іх ліку – выпускніца Шумілінскай СШ №1 залатая медалістка Аксана Шкляр. Дзяўчына расказала карэспандэнту ГП, як рыхтавалася да тэсціравання і што дапамагло атрымаць самы высокі вынік.

  Вынік тэста першай убачыла мама Аксаны. «Не, не можа быць», – адказала ў тэлефонную трубку дачка. Калі мама даслала скрыншот, дзяўчына расплакалася ад шчасця. Адразу патэлефанавала сябрам і настаўніцы – Наталлі Станіславаўне Інц, якая сказала, што ніколькі не сумнявалася ў яе бліскучай перамозе.

  Аксана прызнаецца, што разлічвала на высокі бал, бо на трох рэпетыцыйных тэстах вынікі таксама былі высокія: два разы па 91 балу і адзін – 98, аднак у тое, што напіша на ўсе 100, – не верыла.

  – На экзамене ўсе хваляванні зніклі, калі дастала свой шчаслівы нумар 7, – успамінае Аксана. – Тэст не паказаўся складаным, выклікалі сумненні ў напісанні толькі два словы, але дапамагла інтуіцыя. Неверагодна ганаруся сабой! Шмат прыйшлося папрацаваць, але ўсё было не дарэмна.

  Падрыхтоўка да ЦТ сапраўды была сур’ёзная. Фундамент заклалі настаўнікі рускай мовы і літаратуры Шумілінскай СШ №1 Таццяна Васільеўна Вабішчэвіч і Дзіяна Іванаўна Кахтэнка. У дзясятым класе прыйшла Наталля Станіславаўна Інц. І вось тут пачалося! Кожны дзень: і ў выхадныя, і ў святы. Дзяўчына кажа, што прарашала ўсе заданні зборнікаў па ЦТ, пачынаючы з 2007 года!

  Аксана Шкляр збіраецца паступаць у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і марыць стаць мытнікам. Дастойныя вынікі ЦТ па англійскай мове і матэматыцы дазваляюць смела падаваць дакументы ў сталічную ВНУ.

  «Будучым абітурыентам, якія хочуць мець высокія вынікі, магу даць такія парады, – падзялілася Аксана. – У першую чаргу пастаўце мэту! Лепш пачынаць рыхтавацца з 10 класа. Не адкладвайце на потым з думкай «да тэстаў далёка, паспею». Займайцеся кожны дзень патроху. Толькі так 100 балаў будзе забяспечана».

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *