Традиционно отметили День ВМФ в Шумилинской районной организации военных моряков

Новости Общество

Іх аб’яднала марское братэрства

31 ліпеня раённая арганізацыя Беларускага саюза ваенных маракоў адзначыла Дзень ваенна-марскога флоту.

Картэж са сцягамі выязджае з Шуміліна. Прыгожай і святочнай калоне сігналяць вадзіцелі, махаюць прахожыя –  так народ вітае ваенных маракоў. А яны па традыцыі накіроўваюцца ў Язвіна, на магілу нашага земляка капітана 3 рангу Анатоля Іспянкова, які загінуў на падводнай лодцы «Камсамолец».

«Мы ганарымся табой, Анатоль Мацвеевіч! Ты ведаў, што ідзеш на смерць. Дзеля жыццяў іншых, выконваючы свой воінскі абавязак. Мы ганарымся смеласцю, мужнасцю і нізка схіляем галовы перад тваім гераізмам», – кажа старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў Віктар Прыходзька. Слова бярэ сястра Анатоля Іспянкова Зінаіда Мацвееўна. Яна падзякавала ўсім пра памяць аб браце і адзначыла, што мора, якое не церпіць  ілжывых і маладушных, не збівае з марскога карабля дух братэрства. Усе прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Анатоля Іспянкова, паклалі кветкі да яго помніка.

У Язвіне да картэжа далучыліся новыя аўтамабілі, пасля чаго ўсе разам накіраваліся ў райцэнтр у парк Воінскай Славы. Тут гасцям свята (прысутнічалі з Віцебска, Талачына, Полацка і Наваполацка) расказалі пра гісторыю стварэння парка, адкрыццё якога было прымеркавана да абласных «Дажынак-2021».

Для ўшанавання памяці маракоў, якіх ужо няма ў жывых, у храме Мікалая Цудатворцы протаіерэй благачынны цэркваў Шумілінскай акругі Фёдар Пучынскі правёў малебен.

Асноўная частка мерапрыемства адбылася на ваеннай-марской базе на беразе Шумілінскага возера, дзе знаходзяцца памятны марскі камень, «флагманскі карабель» – ял «Падводнік Анатоль Іспянкоў».

– Сцяг і гюйс падняць! – гучна камандуе Віктар Прыходзька.

Ён віншуе ўсіх прысутных са святам, жадае дабрабыту і здароўя. І перадае эстафету работнікам раённага цэнтра культуры, якія расказваюць пра гісторыю свята, пра тое, што Беларусь выхавала 20 маракоў, якія ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

У гэты дзень у адрас ваенных маракоў было сказана шмат цёплых слоў: ад грамадскай арганізацыі «Пагранічнікі Шуміліншчыны», дэсантнага Шумілінскага братэрства, прадстаўнікоў марскога братэрства з іншых гарадоў вобласці. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Валерый Жандараў уручыў Віктару Прыходзьку вітальны адрас, а ад раённай арганізацыі «Ратавальнік» – юбілейны медаль «100 год савецкай пажарнай службы».

«Калісьці нас аб’яднала мора, і мы ганарымся гэтым, – адзначыў галоўны старшыня марчасці пагранвойск Андрэй Макараў з Наваполацка. – Родам я з вёскі Прыазёрная, сваякоў тут ужо не маю, але кожны год прыязджаю на свята як да сябе дадому. Мне імпануе згуртаванасць шумілінскіх маракоў, іх таварыскасць. Думаю, з шумілінскай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў варта браць прыклад».

Напрыканцы свята ваенныя маракі дзяліліся ўспамінамі. А ўсе жадаючыя  маглі сабе даставіць радасць зносін з воднай стыхіяй, катаючыся на яле, катамаранах і лодках.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *