Бліц-інтэрв’ю: Што для вас Першамай?

Главное Общество

Бліц-інтэрв’ю
Што для вас Першамай?

Калона раённай трактарна-машыннай станцыі на першамайскай дэманстрацыі. Шуміліна, вул. Ленінская, 1 мая 1962 года. Фота з асабістага архіва К. А. Казаковай

КАЗАКОВА Клаўдзія Антонаўна, Шуміліна:

– Для майго пакалення 1 Мая ўспамінаецца як вялікае свята. І мы сумуем па тых маёўках, па калектыўных святкаваннях. Думаю, што сёння менавіта такіх святаў – адкрытых, вясёлых, адзінадушных – і не хапае. Не магу забыць, як мы ездзілі на маёўкі ў Лескавічы. Гэта былі 60-я гады. Я тады працавала ў райсельгасхіміі партарганізатарам, мы грузіліся ў дзве лятучкі, па дарозе смяяліся і спявалі. За гарманіста ў нас быў Іван Міхайлавіч Бесарабскі. З сабой бралі правізію, загадзя дамаўляліся, хто што прыгатуе. Там прама на траве кампаніі накрывалі «сталы». І калі ў Шуміліне сталі праводзіць дэманстрацыі, таксама было весела, дарослыя ішлі ў калоне з дзецьмі, пасля дэманстрацыі збіраліся кампаніямі. Людзі тады больш сябравалі і радаваліся жыццю.
РАБУШАВА Надзея Яфімаўна, Шуміліна:
– Адно з памятных маіх першамайскіх святаў было ў Віцебску. Я толькі пачала працаваць вязальшчыцай на КІМе. Моладзь паставілі ўзначальваць вялізную фабрычную калону. Для дзяўчат, а нас было больш за дваццаць, пашылі прыгожыя касцюмы бэзавага колеру. Было цёпла, мы з кветкамі і шарамі рухаліся з «Чарняхоўкі», а галава калоны была ўжо на плошчы Леніна.
ПРЫШЧЭПАВА Зоя Васільеўна, в. Жданоўка:
– Дэвізам першамайскага свята раней былі словы «Мір. Праца. Май». І гэтыя паняцці былі непадзельнымі. Вясковыя жыхары, не пакладаючы рук, працавалі на фермах і палетках. Умелі і адпачываць, таму ўсе з нецярпеннем чакалі 1 Мая. Урочышча пад назвай Цыганскі вугал, што ля Жданоўкі на беразе ракі Обаль, гудзела ад песень і музыкі – там ладзілася працоўная маёўка. Сюды з’язджаліся жыхары Жданоўкі, Мішневіч і ўсіх блізляжачых вёсак. Яны апраналі самае прыгожае адзенне і накіроўваліся на свята. Прыходзілі цэлымі сем’ямі. Заўсёды запрашалі на свята духавы аркестр з Віцебска, які граў практычна цэлы дзень. Людзі танцавалі, спявалі, весяліліся. Працавалі гандлёвыя рады з рознымі прысмакамі. На паляне ля рэчкі былі зроблены шалашы, дзе можна было пасядзець з сябрамі. Свята было цэлы дзень.
ЯЦКО Валянціна Васільеўна, в. Вялікія Ляжні:
– У той час, калі праводзіліся маёўкі, я жыла ў в. Лялюгі. Помню, што бацькі і іх сябры заўсёды чакалі 1 Мая. З мясцовага калгаса выдзялялі грузавую машыну, каб ехаць на маёўку ў Дабею. Некаторыя дабіра-ліся на конях. Мы, дзеці, заставаліся дома. З нецярпеннем чакалі бацькоў, бо з кірмашу яны прывозілі вялікія абаранкі, пернікі і манпансье ў круглых бляшанках. Так што для нас 1 Мая таксама было святочным днём. Вечарам у Лялюгах была свая маёўка. Людзі збіраліся ў адным месцы на лавачках і спявалі да апоўначы. Акампаніятарам быў мой бацька-гарманіст.
КРЫГІН Максім, Шуміліна:
– Для мяне 1 мая – звычайны выхадны, які можна правесці дома, адпачыць з сям’ёй. Адметным гэты дзень быў толькі летась: рок-гурт «Эксперымент-12» выпусціў свой чарговы альбом пад назвай «Навігатар», у якім восем кампазіцый. Гэты альбом стаў своеасаблівым падарункам для нашых прыхільнікаў да Свята працы.
ШЭДЗЬКО Пётр Ігнатавіч, Шуміліна:
– Найперш гэта мае ўспаміны пра маю маладосць. У 70-я гады працаваў у ПМК-120 брыгадзірам цесляроў. На кожны Першамай зранку ўсёй арганізацыяй збіраліся на базе, якая знаходзілася на месцы сённяшняга лясгаса, бралі транспаранты, сцягі і рушылі вялікай калонай у цэнтр Шуміліна. Добра памятаю, як з розных куткоў райцэнтра ішлі шматлікія калоны, якія зліваліся ў адну вялікую. Усе людзі былі з усмешкамі, з добрым настроем. Традыцыя збірацца на базе захавалася і калі ПМК-120 аб’ядналася з ПМК-70. Зразумела, што збіраліся ўжо ў МСО, і калона наша была значна большая. І яшчэ на Свята працы заўсёды атрымлівалі невялікую грашовую прэмію.
МІНОВІЧ Лідзія Ягораўна, в. Лескавічы:
– Каб вы ведалі, якія святы ладзіліся ў 1960-я ў маіх родных Лескавічах! Гэта былі славутыя на ўсю вобласць маёўкі. Яны праходзілі ля возера Лескавіцкае і збіралі незлічоную колькасць людзей, мясцовых, з райцэнтра і нават з Віцебска. Колькі ў нас было народу, колькі машын! Як сёння помню ларкі, у якіх прадавалася марожанае, ліманад, булачкі. Спіртнога ніколі не было. Загадзя была падрыхтавана пляцоўка са сцэнай і лавачкамі. На сцэне спачатку выступала начальства, уручала прэміі перадавікам (і мне, маладой цялятніцы, уручалі), пасля выступалі раённыя самадзейныя артысты. Потым былі танцы на пляцоўцы. Музыка была чуваць ажно ў Башнях. Дужа весела і цікава было, урачыста і святочна. Я сваім траім дзецям часта расказвала пра лескавіцкія маёўкі, паказвала, дзе што праходзіла. Цяпер такога няма. Засталіся толькі цёплыя ўспаміны маладосці…
Апублікавана ў №33 ад 30.04.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *