Районная организация Красного Креста благодарит шумилинцев за помощь

Общество

Дзякуй Вам, добрыя людзі!
У свой час таварыства Чырвонага Крыжа праз раённую газету “Герой працы” звярнулася да насельніцтва з просьбай аб зборы зімовага адзення для тых, хто мае ў гэтым вялікую патрэбу.
Рэчы прывозілі, прыносілі, мы самі збіралі іх па адрасах – жадаючых дапамагчы было шмат і не толькі сярод жыхароў Шуміліншчыны, але і з Віцебска, Мінска і нават з Масквы.
У выніку мы дапамаглі людзям набыць неабходнае зімовае адзенне, абутак, адзенне для дзяцей, галаўныя ўборы, рукавіцы, а таксама  сабралі шмат цацак і канцтавараў.
І зараз мы дапамагаем усім, хто звяртаецца да нас за дапамогай: пагарэльцам, сіротам, адзінокім састарэлым людзям, мнагадзетным, няпоўным, малазабяспечаным сем’ям, а таксама людзям з месцаў пазбаўлення волі і без вызначанага месца жыхарства.
Мы выказваем шчырую падзяку ўсім, хто адгукнуўся і прыйшоў на дапамогу. Будзем удзячны за дзіцячае адзенне на ўзрост да 10 год.
Усім, хто жадае сваімі рукамі звязаць рэчы для дзяцей, званіце, мы дадзім вам ніткі для вязання.
Чырвоны Крыж выказвае асаблівыя словы падзякі за аказанную дапамогу В. Р. Бурэню, В. Э. Елавецкаму, Г. Г. Шаршун.
Дзякуючы вам, добрыя людзі, мы змаглі дапамагчы 67 чалавекам.
В. ЧЫЖЫКАВА, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
“Мы разам”
У Віцебску адбылася абласная выніковая канферэнцыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа па маладзёжных міні-праектах, што рэалізуюць валанцёры Віцебска і Віцебскай вобласці. На канферэнцыю былі запрошаны лідары валанцёрскіх груп, якія на працягу многіх месяцаў і нават гадоў рэалізуюць ідэі гуманізму. Мне выпаў гонар таксама прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве і прадстаўляць праект “Мы разам”, рэалізуемы валанцёрамі Мішневіцкай школы на базе бальніцы сястрынскага догляду. Мэта нашага праекта – прыцягнуць увагу моладзі да праблем састарэлых.
Канферэнцыя праходзіла ў будынку Віцебскага аблвыканкама. Прысутнічалі старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Г. П. Жаланава, каардынатары маладзёжных міні-ініцыятыў Д. Рачкоўскі і Э. Дулінец, прадстаўнікі Дацкага таварыства Чырвонага Крыжа.
Кожная валанцёрская група магла выступіць з прэзентацыяй, расказаць аб сваёй рабоце, прадэманстраваць свае дасягненні. Напрыканцы канферэнцыі ўдзельнікам былі ўручаны падарункі, сказаны словы ўдзячнасці, выказана надзея на далейшае плённае супрацоўніцтва.
Вельмі прэстыжна і ганарова, што на мерапрыемстве такога ўзроўню прагучала назва нашай вёскі і нашай Мішневіцкай школы. На імя кіраўніка праекта Валянціны Сяргееўны Курчанавай нам ўручылі ўдзячны ліст. І ў гэты дзень мы яшчэ больш усвядомілі, што наша валанцёрская работа вельмі патрэбная і карысная.
К. ГАРБАЧОВА, старшы валанцёр атрада “Міласэрнасць” Мішневіцкай СШ.
Надрукавана ў №23 ад 20.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *