В Шумилино работал мобильный музей Великой Отечественной войны

Главное Культура Образование

У Шуміліне працаваў мабільны музей Вялікай Айчыннай вайны

19 кастрычніка многія шумілінцы заўважылі ля раённага гісторыка-краязнаўчага музея аўтамабіль МАЗ з яркім паўпрычэпам. У наш раён прыехаў незвычайны музей на колах – перасоўная экспазіцыя «Дарога памяці» Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны.

Мабільны музей завітаў у Шуміліна па прапанове Міністра культуры Анатоля Маркевіча, выказанай падчас рабочага візіту ў Шумілінскі раён. Усе наведвальнікі музея былі вельмі ўражаны паўнатой і зместам экспазіцыі, якая паказвае ход Вялікай Айчыннай вайны з першых дзён абароны Брэсцкай крэпасці да Вялікай Перамогі ў маі 1945 года. Падрабязна прадстаўлена ўсенародная барацьба з фашысцкімі захопнікамі, партызанскі і падпольны рух на Беларусі, асветленая тэма генацыду беларускага народа.

У выставачных стэндах сапраўдныя дакументы і рэчы ўдзельнікаў вайны, зброя з фондаў музея Вялікай Айчыннай вайны. А цікавы расказ навуковага супрацоўніка музея Дзмітрыя Валашчука, апранутага ў вайсковую форму тых гадоў, рабіў экскурсію незабыўнай. У музеі можна было патрымаць у руках сапраўдную вінтоўку ці аўтамат ваенных часоў, правесці фотасесію, што моладзь ахвота рабіла для сваіх старонак у сацыяльных сетках.

За чатыры гадзіны, якія мабільная экспазіцыя знаходзілася ў Шуміліне, яе наведалі школьнікі, работнікі арганізацый раёна. І дарослыя, і дзеці былі ўражаны апавяданнем экскурсавода. Многія шумілінцы, якія выпадкова праходзілі міма, шкадавалі, што для работы экспазіцыі адведзена так мала часу, і яны не паспеюць прывесці сваіх дзяцей і сваякоў. Многія прасілі запрасіць перасоўны музей яшчэ раз і паведаміць пра гэта загадзя.

 

Дзмітрый Валашчук, навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны:

  – Перасоўныя выставы наш музей арганізуе даўно. Да 75-годдзя Перамогі ў 2020 годзе ўзнікла ідэя зрабіць пастаянную перасоўную выставу, і была зроблена вось гэта экспазіцыя, якая называецца «Дарога памяці». Да 2022 года – Года гістарычнай памяці – выстава была абноўлена. Яна карыстаецца вялікай папулярнасцю, і ў цёплы перыяд года графік руху музея распісаны літаральна па днях: падарожнічаем па ўсёй Беларусі, асабліва часта бываем у Віцебскай вобласці. Заўжды атрымліваем шмат удзячных слоў за нашу работу.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *