Военно-патриотический клуб «Юный гвардеец» открылся в Шумилинской СШ №1

Главное Молодёжь Образование Общество

«Юны гвардзеец»: старт дадзены

11 лістапада ў сярэдняй школе №1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка г. п. Шуміліна адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў раёне ваенна-патрыятычнага клуба «Юны гвардзеец».

 

Мерапрыемства пачалося на Алеі Славы        ў гарадскім парку ля брацкіх могілак, дзе сабраліся члены клуба – вучні школы, педагогі, прадстаўнікі раённых грамадскіх арганізацый, ганаровыя госці. Тут, на воінскіх могілках, па-асабліваму гучаць словы аб трагічных і гераічных старонках гісторыі раёна, пра  землякоў, якія ахвяравалі свае жыцці ў гады Вялікай Айчыннай вайны за наша мірнае неба, за свабоду і незалежнасць роднай краіны. Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў хвілінай маўчання, усклалі кветкі да стэл з імёнамі герояў, на мемарыяльныя пліты на брацкіх могілках.

 

Прадоўжылася мерапрыемства ў актавай зале СШ №1. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч сказаў, што ва ўмовах гібрыднай вайны, якую Захад вядзе супраць нашай краіны, адкрыццё клуба будзе дапамагаць фарміраванню праўдзівага ўяўлення дзяцей і падлеткаў аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, будзе спрыяць патрыятычнаму выхаванню моладзі. Мікалай Аляксеевіч выказаў упэўненасць, што ўслед за першым клубам у СШ №1 падобныя фарміраванні з’явяцца і ў іншых школах раёна. «Будзьце годныя подзвіга героя, імя якога носіць ваша школа», – звярнуўся да вучняў Мікалай Будневіч.

Пра сувязь і пераемнасць пакаленняў, неабходнасць павышэння ўзроўню патрыятычнага выхавання гаварыў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Валерый Жандараў, які ўручыў клубу грашовы сертыфікат на развіццё матэрыяльнай базы клуба «Юны гвардзеец» і абяцаў усебаковую падтрымку арганізацыі ў выхаваўчым працэсе.

На значэнні ваенна-патрыятычнага выхавання ў фарміраванні павагі да Узброеных Сіл, тэрміновай службы ў арміі, на прафарыентацыйнай рабоце для паступлення ў сілавыя навучальныя ўстановы засяродзіў увагу намеснік камандзіра вайсковай часці з Полацка Сяргей Літвінаў.

Кіраўнік клуба, настаўнік гісторыі Шумілінскай СШ №1 Сяргей Сахончык адзначыў сімвалічнасць заснавання клуба ў Год гістарычнай памяці, напярэдадні юбілейных гадоў вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі. За час падрыхтоўкі да юбілеяў члены клуба могуць зрабіць шмат карыснага ў справе захавання памяці пра савецкіх воінаў, фарміраванні патрыятызму сярод школьнікаў.

Вучні школы падрыхтавалі некалькі канцэртных нумароў патрыятычнага накірунку.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *