Кто виноват? Что делать? — Зима на носу, а с дровами проблемы…

Актуалии Общество Экономика

Знайсці паразуменне, каб не было так: ”Іван ківае на Пятра…”
У маі, чакаючы летняга цяпла, думаеш, што  яму няма канца. Але Зямля круціцца, мяняючы поры года. Згарэла непрыкметна лета, адчыніла сваю брамку восень, а неўзабаве прыйдуць сапраўдныя халады. А зімы ў нашых шыротах нежартоўныя, і клапатлівы гаспадар падумаў загадзя пра тое, каб запасціся палівам. Дрывамі, брыкетам, кавалкавым торфам, той-сёй разжыўся, магчыма, і на каменны вугаль.
Каб праліць святло на праблему з забеспячэннем палівам, акрэсліць магчымыя шляхі выйсця, рашэння доўгачаканых жыццёвых “загадак”, вырашылі пагутарыць з тымі, хто стаіць на “перадавой” у вырашэнні задачы: з кіраўнікамі аддзела адукацыі, УП ЖКГ, райпаліўзбыту, цэнтральнай раённай бальніцы, лясгасу.
“З лясгасам вечны  галаўны боль”
Гутарка з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонавым:
— У нас 15 дзіцячых садкоў і школ ацяпляюцца кацельнямі. Патрэбна на зіму шмат дроў — недзе 2,5 тысячы кубічных метраў, нарыхтавалі 950. Стаіць задача да пачатку ацяпляльнага сезона мець запасы паліва 60-70% ад патрэбнага. Так што сітуацыя напружаная.
— На двары верасень. Ці рэальна дамагчыся такіх запасаў?
— Задача пад сілу, калі, вядома, вазіць не толькі сваімі сіламі. У нас кожны дзень на вывазцы два трактары, трэці — з КБА. Ну што можам прывезці за дзень? Максімум 20 кубоў. Калі так пойдзе далей, не перазімуем.
— А як склаўся леташні ацяпляльны сезон?
— Якраз удала, без праблем. Проста на той год засталіся запасы з папярэдняга. Зараз мы заключылі дагавор з прыватнай фірмай, па папярэдняй аплаце, перакінулі ёй 3 мільёны 600 тысяч. Гэта кропля. Не разумею пазіцыю нашага лясгасу. Мой калега з Бешанковіч прызнаўся: няма ў яго ніякіх праблем з дрывамі. Працуе з мясцовым лясгасам. У нас з гэтым вечны галаўны боль.
— Але ж не аднымі дрывамі паляць у кацельнях…
— Па брыкету праблем не бачу, хаця закуплена і завезена яго ўсяго 67 тон са 170 тон, што патрэбна. Тут бяды няма, брыкет можна завозіць і на працягу зімы. Тым больш, што ў нас не хапае сховішчаў.
“Драбільная тэхніка ў нас дапатопная”
Гутарка з намеснікам дырэктара УП ЖКГ Шумілінскага раёна У. П. Воранавым:
— Ляжыць пры кацельнях у штабялях 7,5 тысячы кубічных метраў дроў пры патрэбнасці ў 14 тысяч. Трывога ёсць. Хаця ў леташні сезон сітуацыя з дрывамі была горшая. Тады запасаў было на 1 тысячу кубоў менш. Тым не менш не заспакойваемся. Па шэсць адзінак тэхнікі штодзень выязджаюць у лес. У раёне вёскі Нова-Заронава нам выдзелілі лесасеку. Праўда, без праблем і дадатковых выдаткаў не абышлося: давялося гаціць дарогу, каб вывезці дровы. А гэта не толькі затраты, а і згублены час. І такое ўражанне, што лясгас перадаў нам масіў, які сам асвойваць не бярэцца. У самыя спрыяльныя дні вывозілі з лесу па 400 кубоў: плячо вывазкі было кароткім.
— А ці чакаецца дапамога з іншых крыніц?
— Будзем завозіць чыгункай з Оршы дровы, нарыхтаваныя работнікамі нашага лясгасу. Дровы дарагія. Але ж падобнае было і летась, калі дровы завозілі па чыгунцы з Барысава.
— Ці трывожна па запасах шчапы?
— Шчапу нарыхтоўваем круглы год, дзякуючы ёй падаецца жыльцам цёплая вада. Праблема ў тым, што ў нас у раёне няма сваёй прадукцыйнай драбільнай тэхнікі. Летась завозілі шчапу з Гарадка, сёлета нарыхтоўка яе вядзецца Шумілінскім лясгасам. Ёсць дамоўленасць з прыватнай фірмай з Віцебска на здрабненне драўніны. Але гэта па лініі лясгасу. Свая ж драбільная тэхніка ў нас дапатопная, яна фізічна і маральна ўстарэла. За дзень можна выдаць “на-гара” да 30 тон, ды і то трэба падбіраць галінкі ды таўшчыню дрэва. За мінулы год спалілі 19 тысяч кубоў шчапы, прыблізна столькі для кацельняў Шуміліна і Обалі патрэбна сёлета. Пастараемся, як кажуць, не ўдарыць тварам у гразь.
“Выйшлі на Ханзэ-Хольц”
Размова з галоўным ўрачом раёна К. Ф. Баканавым:
— Запасы паліва ў нас на зіму скупыя. Падводзіць “Шумілінскі лясгас”: адтуль за апошнія два тыдні завезлі для ФАПаў толькі 16,5 куба. Усяго ж нарыхтавана 137 кубоў пры патрэбнасці ў 513. Дамовіўся з фірмай “Ханзэ-Хольц” на прывоз 40 кубоў дроў. Будзем на іхняй пляцоўцы распілоўваць і развозіць па ФАПах. Прасілі выручыць дрывамі ПМК-70, але ў будаўнікоў свае планы: яны берагуць дровы для сваіх патрэб. Заключаны дагаворы з Задзвінскім лясніцтвам. Аднак чым бліжэй халады, тым больш трывожна за цяпло ў лячэбных установах, якія ацяпляюцца мясцовымі відамі паліва.
“З лютага – усё на нервах”
Гутарым з дырэктарам шумілінскага філіяла АУП “Віцебскаблпаліў” У. М. Кійко:
— Дроў на нашай пляцоўцы няма. Свае абавязацельствы перад намі не выконвае “Шумілінскі лясгас”. У нас адзін трактар, я не магу ім рызыкаваць, адпраўляючы ў лес па дровы. Колькі ён зможа прывезці за дзень? Адзін рэйс. Калі ж працуем з завезенымі на пляцоўку, зможам забяспечыць папіленымі дрывамі 7-8 гаспадароў. Так што з кіраўніцтвам лясгасу ніяк не можам знайсці паразуменне, з лютага — усё на нервах. Адтуль прывязуць 3-4 лесавозы, а пасля зноў бяруся за тэлефон, іду да дырэктара лясгасу. Так не павінна быць. Так што сёлета з дрывамі ў нас голад. Дарэчы, такая сітуацыя не на карысць таго, каб нечым утрымаць свае кадры. Рэзчыка дроў у каторы раз адправіў адпачываць без захавання зарплаты. А спецыяліст талковы, хочацца, каб чалавек працаваў.
— Але ж заяўкі выконваюцца?
— Вядома. Прадалі 2060 кубоў дроў, ляжаць заяўкі на 655. Колькі не пераконваем спажыўцоў, колькі не гаворым, каб запасаліся дрывамі і брыкетам загадзя, стэрэатып паламаць не ўдаецца. Вось зараз і крыху пазней будзе бум, будзе абрывацца мой тэлефон. Тут, як кажуць, наступае на пяткі і яшчэ адна, не менш балючая праблема: заканчваюцца датацыйныя грошы для спажыўцоў. Перакінулі сродкі з  чацвёртага квартала на другі і трэці, так што неўзабаве сядзем на меліну. Калі не будзе ўдакладнення бюджэту, не ведаю, як быць.
— Якія ж?
— Варыянты агучваць не буду: навошта раней часу нерваваць людзей. Ведаю адно: эканоміка сённяшняга дня нацэльвае ўсіх нас жыць па сродках.
— А ці трывожна за пастаўкі ў раён торфабрыкету?
— Калі па праўдзе, трывожна. Сёння запазычанасць перад пастаўшчыкамі на 90 мільёнаў рублёў. Брыкет завозіцца з Лідскага раёна, што на Гродзеншчыне, завозіцца строга па графіку. Калі, вядома, усё спраўна з аплатай. Пастаўшчык дае нам фору: разлікі — не пазней як праз месяц пасля факта прывозу. Тым не менш праблема з аплатай існуе. З пачатку года цэны на брыкет для арганізацый выраслі намнога — са 150 тысяч за тону да 225 тысяч. Наш спажывец купляе паліва з разліку 105 тысяч за тону, рэшта кладзецца на бюджэт.
— Чаму ж нельга было завозіць торфабрыкет насельніцтву з лютага ці сакавіка?
— Не дазволілі даўгі перад пастаўшчыкамі. У маі наогул па нашым аб’яднанні яны дасягнулі фантастычнай лічбы, наш філіял запазычыў 12 мільёнаў і ўсе пратэрмінаваныя. Цяжка было, хаця і сёння нялёгка. Прадалі з пачатку года 977 тон брыкету і заявак на 750 тон. Як складзецца сітуацыя далей з аплатай вагонаў, не ведаю, не хачу загадваць наперад. Тым не менш упэўнены: людзі замярзаць не будуць. Ёсць у раёне запасы кавалкавага торфу.
“Адсталі ад графіка, але прычыны аб’ектыўныя”
Гутарым з галоўным інжынерам ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” А. М. Калдуновым:
— Андрэй Міхайлавіч, многія арганізацыі ўскладаюць вялікія надзеі на лясгас. Ці ўсё, што запланавана, выконваецца?
— Жыццё і час уносяць у нашы планы свае карэктывы. Зараз мы адстаём ад графіка паставак дроў для райпаліўзбыту на 200 кубаметраў. Прычыны аб’ектыўныя: нашы рабочыя даўно працуюць на Аршаншчыне. Сёння там звыш 40 чалавек і шэсць адзінак тэхнікі. Камандзіроўка па рашэнні нашага міністэрства. Прабудзем там можа да канца верасня, магчыма, захопім і частку кастрычніка.  У нашых лясах ляжыць звыш 15 тысяч кубаметраў дроў. Тым не менш сам райпаліўзбыт не вывез з лесу ніводнага кубаметра, хаця запланавана ім 150 кубоў. Лягчэй за ўсё разлічваць  на дапамогу іншых, але трэба неяк і самім турбавацца. Па меры магчымасці дапамагаем вывозіць з лесу дровы аддзелу адукацыі, медыцыне, культуры. Асобная гаворка пра УП ЖКГ. Выдзяляем камунальнікам лесасекі па дамоўленасці, без усякай гандлёвай біржы і конкурсаў. Выдзяляем дзялянкі з дзелавой драўнінай менш за 15%. Камунальнікам дзялянка дастаецца за капейкі, хаця тая дзелавая драўніна (да 15%) можа выкарыстоўвацца для піламатэрыялаў, іншай гатовай прадукцыі. Гэта па сутнасці нядрэнны бонус для УП ЖКГ. Камунальнікі неўзабаве асвояць адзін лясны масіў, мы падрыхтавалі недалёка ад першага яшчэ адзін — на 10 гектараў.
— Наколькі мне вядома, некаторыя лясгасы ў вобласці маюць сваю тэхніку для нарыхтоўкі шчапы. Ці ёсць неабходнасць закупіць такую ж і вам?
— Такія прапановы ёсць, будзем думаць. А пакуль нарыхтоўваем шчапу, просячы ў арэнду тэхніку з іншых лясгасаў. Напрыклад, у Глыбокім далі нам драбілку, і лясгас нарыхтаваў 1 тысячу кубоў шчапы. На гэтыя мэты ідуць хлысты, якія вытралёўвае на сухія мясціны наш “Амкадор”. Сёння трактар падрыхтаваў для здрабнення 2 тысячы кубоў дроў у хлыстах. Дамаўляемся з фірмай “АйсіБел” на здрабненне нарыхтаванага лесу. І работа гэта па вывазцы хлыстоў спыняцца не будзе. Была б толькі драбільная тэхніка. Ну і дамаўляемся з так званымі шчапавозамі, якія бяруць намнога больш паліва, чым ЗІЛ ці нават МАЗ.
Ну вось і прагучала пазіцыя кіраўніцтва ўсіх зацікаўленых структур па нарыхтоўцы і вывазцы паліва на асенне-зімовы перыяд. Трывожнага, скажам прама, нямала, тым больш, што да кастрычніка, да кліматычнага пахаладання, засталася нейкая палова месяца. Добра, калі паспрыяе рабоце надвор’е, хаця чым далей, тым яно больш непрадказальнае, дажджлівае і малапрыгоднае для выезду ў лес. Аднак тыя запэўніванні, якія прагучалі з вуснаў людзей пры пасадах, усяляюць надзею на тое, што ўсё будзе ў нас нармальна, што на рабоце і дома будзе цёпла.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №70 ад 13.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *