О работе районной коммунальной службы рассказывает главный инженер УП ЖКХ А. Н. Догель

Актуалии Общество Экономика

А. Н. Догель

Служба, якая на вачах ва ўсіх і днём, і ноччу
Прызнаемся адразу: камунальнай службе часта дастаецца, як кажуць, на арэхі. І, будзем справядлівымі, нярэдка па заслугах. Аднак нельга не адзначыць, што УП ЖКГ робіць для ўсіх  нас нямала. Скажыце, хіба мы не былі ў захапленні ад таго, што ўвялі ў свой час прыбіральшчыц у пад’ездах шматкватэрных дамоў? Сёння іх толькі па Шуміліне 25 чалавек, і гэта паслуга ўжо ў  парадку рэчаў. Скажыце, хіба рабілі раней такія хвацкія дзверы, вокны на ўчастку дрэваапрацоўкі? Не. Хіба не сядзелі гадамі ў мікрараёне СШ № 2 без цэнтральнай каналізацыі, а сёння там працуе калектар: падключайся,  хто хоча да яго і карыстайся дабротамі. І так можна гаварыць па ўсіх сферах камунальнай службы.
Камунальнікі павінны зарабляць на аказанні паслуг людзям, прадпрыемствам і арганізацыям. На жаль, зарабляюць яны мала.  І ў першую чаргу таму, што спажывец аплачвае за паслугі не поўнасцю, а ўсяго да 20% ад іх сабекошту, а за цяпло выдаткі ён кампенсуе ўсяго на 10%. Рост цэн у гэтым накірунку стрымлівае сама дзяржава. І мае, напэўна, рацыю: пакуль што ў нас даходы не такія вялікія, каб можна было аплачваць па камунальных рахунках спаўна. Хаця застылай аплата наўрад ці будзе, бо камунальная служба перажывае сёння не самыя лёгкія часы.
Дарэчы, тыя банкаўскія крэдыты, якія брала УП ЖКГ на паліўна-энергетычныя рэсурсы, проста, вобразна кажучы, распранаюць прадпрыемства: кожны месяц працэнты па крэдытах перавышаюць 130 мільёнаў рублёў. Датацый за 2011 год атрымана 16 мільярдаў рублёў, бюджэт кампенсуе большасць выдаткаў.  Стаіць задача перад кіраўніцтвам УП ЖКГ зарабляць больш самім. Рэзервы ёсць, і, напэўна, немалыя.
Вялікіх праблем пазбегнуць у жыллёва-камунальнай службе ўдалося. І па цяплу, і па водазабеспячэнні, і па добраўпарадкаванні вуліц. Кожны год вядзецца замена тепласеткі. Два гады назад замянілі 3,5 км трасы, 1,6 км — летась. Сёлета плануецца замяніць 3,5 км сетак у Обалі. Ёсць рух па замене водаправоднай сеткі, праўда, тут даўно наспела патрэба ў маштабных работах, бо частыя парывы і аварыі псуюць настрой спажыўцоў, павялічваюць выдаткі. Даўно адслужыла свой тэрмін свідравіна па падачы пітной вады ў раёне СШ № 2. Тым больш, што мікрараён прырос на шматпавярхоўкі, і жылы масіў будзе развівацца. Таму правялі закальцоўку трасы, а з часам трэба ўсё ж аднаўляць старую свідравіну ці  бурыць новую. Вядуцца разведачныя работы па пракладцы  ліўневай каналізацыі. Таксама праблема “з барадой”.
Новы імпульс атрымае добраўпарадкаванне. Частку расады вырошчваюць камунальнікі самі, частку закупляюць. Будзе мець сёлета больш рэспектабельны выгляд вуліца Суворава, тут УП ЖКГ будзе працаваць у цесным кантакце з КБА і ПМК-70, якія адліваюць ажурныя пліты для агароджы.
Развіваецца транспартны цэх прадпрыемства. Закупілі па лізінгу МАЗ, дзве машыны УАЗ для работы на сельскіх ўчастках, трактар “Амкадор”. Без новай тэхнікі камунальнікі не выжывуць, гэта разумее галоўны інжынер УП ЖКГ Аляксей Мікалаевіч Догель, які зараз выконвае абавязкі дырэктара. Разумее і ідэю перадачы 16 кацельняў ад аддзела адукацыі на баланс камунгасу, хаця, з іншага боку, гэта пераарыентацыя дадасць цяжару на эканоміку УП ЖКГ.
Асобная гаворка па дыспетчарскай службе. Ад яе залежыць, якім будзе настрой у спажыўца вады, цяпла, іншых паслуг. Многія, калі не ўсе, надзённыя вузлы завязваюцца тут. Таму дыспетчар павінен быць добрым псіхолагам, чалавекам камунікатыўным, мець талент  далікатна весці дыялог з тымі, каго напаткала бытавая праблема. Таму падбіраюць сюды спецыялістаў вельмі ўзважана.
Немалыя клопаты ляжаць на плячах сельскіх участкаў ЖКГ, асаблівай ўвагі патрабуюць многія праблемы обальскага ўчастка, самага буйнога ў раёне. Сёння там дамагліся нармальнага цяпла ў кватэрах, нават у самым праблемным мікрараёне — завода імя Даўмана – практычна зніклі пытанні па гарачай вадзе ў час ацяпляльнага сезона. Закаранелай праблемай было некалі забеспячэнне вадой вёскі Гаравыя, бліз Обалі, аднак сёння і там вяскоўцы не адчуваюць сябе пакрыўджанымі.
Словам, многае рашаецца з тым, каб чалавек жыў з кожным годам усё больш прыстойна і годна, хаця поўнасцю ад праблем збавіцца камунальнікам наўрад ці ўдасца. Галоўнае ж, каб кожны з нас, спажыўцоў, адчуваў ад службы пастаянны клопат, увагу і заўсёднае жаданне дапамагчы.
Надрукавана ў №24 ад 23.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *