30 лістапада ў 17.30 народны тэатр Шумілінскага цэнтра культуры запрашае на прэм’еру камедыі «Мая жонка – хлуселька».

Культура Новости

30 лістапада ў 17.30 народны тэатр Шумілінскага цэнтра культуры запрашае на прэм’еру камедыі ў 2-х дзеях па п’есе амерыканскіх драматургаў Маргарэт Мэйо і Морыса Энекена «Мая жонка – хлуселька».

Па добрай традыцыі народны тэатр Шумілінскага раённага цэнтра культуры ў канцы восені рыхтуе прэм’еру. На гэты раз – па п’есе амерыканскіх драматургаў М. Мэйо і М. Энекена «Мая жонка – хлуселька».

Падзеі адбываюцца ў 20-я гады ў Амерыцы, але сітуацыя можа адбыцца і сёння ў любой краіне. Героі – сучасныя маладыя людзі, якім падабаецца жыць прыгожа і весела і ствараць сабе праблемы «на роўным месцы».

Шчаслівае сямейнае жыццё Вільяма Гарысана азмрочваюць вечныя хітрыкі жонкі Кэт і яе нежаданне мець дзяцей. Нявінная жаночая хлусня становіцца падставай для сур’ёзнага сямейнага скандалу. Каб вярнуць каханага і захаваць пачуцці, жонка рашаецца на яшчэ большы падман. І вось ужо пацягнуўся сапраўдны ланцуг авантурных прыгод…

Рэжысёр пастаноўкі Таццяна Багданава расказала, што ў спектаклі галоўныя ролі выконваюць добра вядомыя шумілінскім гледачам Святлана Дземідзенка, Аляксандр Карнілаў, Юрый Раманаў. А для Анастасіі Малашонак спектакль стане дэбютам.

«У гэтыя сумныя восеньскія дні няма лепшага спосабу добра адпачыць і  ўзняць сабе настрой, пасмяяцца, а можа ў чым і задумацца, над прыгодамі герояў п’есы. Абавязкова прыходзьце на спектакль», – запрасілі артысты народнага тэатра.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ

PS. У народным тэатры раскрылі і яшчэ адзін сакрэт – да Новага года тут рыхтуюць спектакль-казку «Зачараваная Снягурка», якую пакажуць для юных шумілінцаў у святочныя дні.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *