Благодаря «ЭкоБуму» двор дома по Юбилейной, 75 в Шумилино получил грант на 10 тысяч долларов

Новости Общество Экология

Двор па  гранту
Грант у 10 тысяч долараў на добраўпарадкаванне двара атрымалі актывісты экалагічнага руху Шумілінскага раёна

Грамадскае аб’яднане па са-дзейнічанні ўстойліваму развіццю шумілінскага рэгіёна «ЭкаБум» паўдзельнічала ў конкурсе міні-праектаў «Тандэм – v». Дадзены праект рэалізуецца Еўрапейскай Асацыяцыяй мясцовай дэмакратыі – ALDA з удзелам асветніцкага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі» і закліканы спрыяць развіццю мясцовых супольнасцяў, іх узаемадзеянню з органамі ўлады праз аказанне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі.
– Мы вырашылі далёка не хадзіць, а заняцца добраўпарадкаваннем двара па вуліцы Юбілейная, 75, – расказвае лідар «ЭкаБума» Ірына Кулікава. – Сабралі жыхароў, запрасілі прадстаўнікоў райвыканкама, камунальных службаў і сталі абмяркоўваць, як зрабіць двор больш камфортным і прывабным. Вырашылі, што трэба ўстанавіць дзіцячую пляцоўку, пашырыць аўтастаянку, правесці азеляненне, запланавалі шмат іншых спраў. Затым аформілі і падалі для ўдзелу ў конкурсе праектную заяўку, якая і была выбрана пераможцам сярод больш як 60.
Конкурсная камісія адзначыла значнасць актуальнасць праблемы, а таксама актыўную грамадскую дзейнасць «ЭкаБума» як прыклад грамадзянскай свядомасці і сацыяльнай адказнасці.
У выніку на рэалізацыю праекта было выдаткавана 10 тысяч долараў. За гэтыя сродкі будуць набыты і ўстаноўлены дзіцячая пляцоўка, вулічныя трэнажоры, велагараж, антывандальны тэнісны стол, лаўкі і відэакамера. ДРБУ № 204 возьмецца за пашырэнне аўтастаянкі, УП ЖКГ зробіць добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі: асфальтаванне дарогі, замену лавачак ля пад’ездаў, устаноўку казыркоў над уваходамі ў падвальныя памяшканні.
Таксама «ЭкаБум» бярэ на сябе арганізацыю конкурсаў па добраўпарадкаванні для іншых двароў, пераможцы якіх атрымаюць у падарунак дзіцячыя пляцоўкі.
– Сумесна з сельвыканкамамі  плануем праводзіць семінары для старшынь кааператываў і старэйшых дамоў і пад’ездаў, – дзеліцца планамі Ірына Кулікава. – Таксама будзем ладзіць святы двароў і спартыўныя спаборніцтвы.
Работа над праектам будзе доўжыцца цэлы год. Адзначым, што грамадскім аб’яднаннем «ЭкаБум» на Шуміліншчыне рэалізуецца таксама праект па развіцці веласіпеднага руху ў рэгіёне, шматлікія іншыя ініцыятывы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №71 ад 10.09.2019 г.