Полигон — офис, оружие — компьютер. Служба в IT-войсках

Молодёжь Общество

Яшчэ некалькі гадоў таму хлопцы-прызыўнікі марылі служыць у  сілах спецыяльных аперацый, паветрана-дэсантных войсках. Цяпер жа вялікай папулярнасцю сярод будучых салдат карыстаецца рота інфармацыйных тэхналогій, якая была створана па рашэнні міністра абароны ў 2018 годзе. За час існавання яна займела славу элітнага падраздзялення Узброеных Сіл Беларусі.

– Трапіць у роту інфармацыйных тэхналогій занадта складана, – расказвае начальнік адасобленай групы Шумілінскага  раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін. – За чатыры гады яе існавання было некалькі кандыдатаў, але яны не прайшлі адбор. Першым, хто змог трапіць туды на службу, стаў шумілінец Дзяніс Касцюкоў, якога прызвалі на тэрміновую вайсковую службу мінулай восенню.

Пару тыдняў таму яфрэйтар Дзяніс Касцюкоў адслужыў і вярнуўся дадому. З ім і сустрэўся карэспандэнт раённай газеты.

Калі прыйшла павестка на службу ў арміі, Дзяніс Касцюкоў пасля заканчэння факультэта інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага універсітэта працаваў праграмістам у адной з камерцыйных фірм Наваполацка. «Перакананы, што ў арміі павінен служыць кожны юнак, – расказвае Дзяніс. – Але не хацелася губляць прафесійныя навыкі. Таму былі дваякія пачуцці. Усё памянялася, калі стаў кандыдатам для праходжання тэрміновай вайсковай службы ў роце інфармацыйных тэхналогій. Вось ён шанс – і адслужыць, і прафесійна развівацца». Хлопец прайшоў сур’ёзны адбор, здаў іспыты і тэсціраванне ў Ваеннай акадэміі.

Курс маладога байца ніхто і нідзе не адмяніў.  Яго прайшлі і салдаты-«айцішнікі».  А вось пасля прыняцця Ваеннай прысягі ўсё памянялася. Служба салдатаў IT-роты мала падобная на тую, якую нясуць іншыя вайскоўцы. Іх палігон – гэта сучасны офіс. Зброя – камп’ютар. Толькі замест дзелавых касцюмаў – вайсковая форма. Як расказвае Дзяніс, пасля прыняцця прысягі іх размеркавалі па розных праектах.  За час службы наш зямляк распрацоўваў і тэсціраваў праграмы для Узброеных Сіл, трэнажоры і сімулятары самалётаў і іншай сучаснай вайсковай тэхнікі, браў удзел у распрацоўцы мабільнага дадатку для вывучэння англійскай мовы.

Распарадак дня салдата роты інфармацыйных тэхналогій мала чым адрозніваўся  ад рэжыму іншых вайскоўцаў тэрміновай службы: ранні пад’ём, зарадка, страявая падрыхтоўка, вывучэнне воінскіх статутаў, базавых вайсковых дысцыплін. Адзінае адрозненне – замест спецыяльнай і самастойнай падрыхтовак праводзяцца заняткі ў класе, падчас  якіх яны распрацоўваюць праграмнае забеспячэнне.

«Служба праляцела ў адно імгненне, – адзначае Дзяніс. – Штовечар можна было карыстацца кнопачным тэлефонам, раз на месяц была магчымасць з’ездзіць дадому. У роце былі створаны ўсе ўмовы, каб годна служыць».

Армія дала Дзянісу Касцюкову шмат жыццёвага вопыту, тут ён павысіў свае прафесійныя навыкі і, што самае галоўнае, знайшоў новых сяброў, якія дапамогуць не толькі ў жыцці, а і па рабоце.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *