Смотровые комиссии проверяют безопасность жилья

Безопасность Общество

Вялікая роля ў прафілактыцы пажараў у жыллёвым фондзе належыць аглядным камісіям, якія створаны і працуюць пры кожным сельсавеце і ў райцэнтры пры райвыканкаме. Іх галоўная задача – выяўляць факты, што прадстаўляюць пагрозу для жыцця і здароўя грамадзян, і дамагацца, каб парушэнні былі выпраўлены.

Выявіць, папярэдзіць, выправіць

 На мінулым тыдні ў рэйд з агляднай камісіяй Шуміліна-2 па завулку Новым, вуліцах Новая, Мясаедава, Маякоўскага, Мінчугова, Талмачова, Валадарскага, Першамайскай адправіўся і карэспандэнт газеты. У спісе для наведвання – 60 домаўладанняў, дзе пражываюць адзінокія і адзінока пражываючыя, інваліды і тыя, хто стаіць на рознага роду ўліках у райаддзеле ўнутраных спраў.

«Мэта аглядных камісій – прафілактычная работа, падчас якой мы падказваем, што трэба зрабіць дзеля бяспекі ў доме, – зазначала сакратар  камісіі Юлія Сініцкая. – Мы не караем рублём, а падказваем, раім, рэкамендуем. Адным словам, працуем на апераджэнне пажаранебяспечнай сітуацыі».

У склад камісіі, як правіла, уваходзяць ратавальнікі, газавікі, электрыкі, прадстаўнікі сацыяльнай службы, медыкі, і кожны па сваёй сферы дзейнасці робіць агляд і праводзіць прафілактычную гутарку. У прыватнасці, ратавальнікі правяралі стан пячнога ацяплення, прадстаўнікі РЭСа – электра-праводку, раёна газазабеспячэння – спраўнасць пліт, УП ЖКГ – якасць і паўнату аказваемых камунальных паслуг, медыкі рэкамендавалі рабіць прышчэпкі ад грыпу і каранавірусу, прадстаўнікі ТЦСАН прапаноўвалі сталым людзям сацыяльныя паслугі. Прафілактычныя гутаркі правёў участковы інспектар РАУС Уладзіслаў Алімаў, які папярэдзіў, што не варта пускаць у дом незнаёмых людзей  і не трэба верыць званкам махляроў.

Шумілінцы адносіліся да камісіі з разуменнем. «Трэба, значыць правярайце», – гаварылі многія. А правяраючыя, між іншым, некаторым гаспадарам зрабілі слушныя заўвагі. Напрыклад, у адной хаце на падлозе ўбачылі электраправодку, у наступных трох дамах грубкам патрабаваўся тэрміновы рамонт.

Але больш за ўсё заўваг было па адсутнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Намеснік начальніка РАНС Алег Бунто рэкамендаваў мець апавяшчальнікі ў кожным жылым пакоі, звярнуў увагу аднаго з гаспадароў на тое, што нельга сушыць дровы побач з топкай. Магчыма, такая падказка, а таксама рэкамендацыя адрамантаваць дымаход і замазаць шчыліны ў печцы выратуе не адно жыццё.

Па выніках рэйду быў складзены пратакол даручэнняў. Прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый будуць трымаць на кантролі выяўленыя недахопы.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *