Доска почёта Шумилинского района. Зинаида Скрипелёва

Главное Сельское хозяйство

Ведае  толк  у  раздоях

Зінаіду Аляксандраўну Скрыпялёву з вёскі Лявонава паважаюць за працавітасць, шчырасць і адданасць сваёй справе. Паўтара дзясятка гадоў яна працуе на ферме Лявонава-2 КУСГП «Ульскі», калектыў якога сёлета вылучыў працаўніцу на раённую Дошку гонару.

 Дваццаць гадоў таму Зінаіда Скрыпялёва была навічком у жывёлагадоўлі, а зараз неаднаразовая пераможца раённых прафсаюзных спаборніцтваў, аператар машыннага даення 5-га разраду, яна сама з’яўляецца вопытным настаўнікам для маладых. Вось ужо каторы год Зінаіда працуе на групе раздою. Гэта значыць бярэ сабе кароў, якія ацяліліся першы раз. А раздаіць іх не так і проста – трапляюцца і наравістыя, і непаслухмяныя. Да сваіх кароў Зінаіда Скрыпялёва ставіцца з цярпеннем і любоўю. Кожную пагладзіць, падсуне кармы, назаве па мянушцы. Прасочыць, ці раўнамерна кормараздатчык насыпаў кармоў жывёле. Асобна аператары машыннага даення па схеме раздаюць жывёле камбікорм. За кастрычнік валавы надой у групе Зінаіды Скрыпялёвай склаў больш за  15 тон,  на карову – 263 кілаграмы.

«Наша Зінаіда Аляксандраўна ва ўсім паказвае прыклад працавітасці, – кажа дырэктар КУСГП “Ульскі” Валянціна Лабейка. – Ведаем, што ніхто, акрамя яе, так умела не справіцца з цяжкай работай на групе раздою. Мы давяраем ёй, спадзяемся на яе. І яна гэты давер апраўдвае».

Зінаіда Скрыпялёва, да таго ж, з’яўляецца на ферме Лявонава-2 яшчэ і брыгадзірам: запаўняе дакументы, падсумоўвае надоенае малако ў групе кожнай з даярак і фермы ў цэлым, адказвае за пастаўку камбікорму, лячэнне жывёлы, парадак у кароўніку. Ды і трэба паказваць прыклад у рабоце. Калі трэба, дапамагае калегам, а яны – ёй. Калегі ведаюць: калі Зінаіда ўзялася за работу, то выканае яе сумленна. Інакш нельга, бо за ёй – каманда даярак, слесараў, вартаўнікоў.

«На нашай ферме вельмі дружны калектыў, і я гэтым ганаруся, – кажа брыгадзір. – Калі людзі сумленныя і разумеючыя, то з імі і працаваць лёгка. Яны не падвядуць у рабоце, а ў цяжкую хвіліну падставяць плячо».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *