Итоги районной спартакиады на призы объединения профсоюзов. Победила сборная «Райисполком-СДЮШОР»

Новости Общество Спорт, туризм

Перамагла зборная «Райвыканкам-СДЮШАР»

На мінулым тыдні завяршыўся трохтыднёвы спартыўны марафон – раённая спартакіяда сярод арганізацый і прадпрыемстваў на прызы раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Пасля сямі відаў спартакіяды турнірнае становішча было нявызначаным: тры каманды – «Райвыканкам-СДЮШАР», «РАУС-раён газазабеспячэння» і «РАНС-раённы ўчастак электрасувязі» – прэтэндавалі на агульную перамогу. Усе кропкі над і павінны былі расставіць тры заключныя віды спартакіяды – валейбол, гіравы спорт і перацягванне каната.

Валейбольныя спаборніцтвы заўсёды праходзяць у напружанай барацьбе. Шуміліншчына мае слаўныя традыцыі ў гэтым відзе спорту і для многіх перамагчы або стаць прызёрамі – справа гонару. Перамагла ў турніры каманда «РАНС-РУЭС», другімі сталі валейбалісты з «Райвыканкама-СДЮШАР», трэцімі – «РАУС–РГЗ».

Гульні моцных мужчын – гэта гіравы спорт, паказаць максімальны вынік і не падвесці свае каманды. Менавіта так можна было сказаць пра перадапошні від спартакіяды. Мужчыны-асілкі выклаліся на ўсё сто. Лепшы вынік паказаў Дзмі-трый Галуза («Шумілінскі лясгас»),  які на адзін штуршок апярэдзіў Івана Маскалькова («РАНС-РУЭС») і Генадзя Курчанава («РАУС-РГЗ»), якія дапоўнілі прызавую тройку.

Завяршала праграму спартакіяды перацягванне каната. І гэта было сапраўднае відовішча. Многія кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў узначалілі свае каманды. Да таго ж літаральна ў кожнай каманды была свая гучная група падтрымкі. Спаборніцтвы паказалі, што самыя моцныя ў «Шумілінскім лясгасе»,  другое месца «выцягнула» каманда «РАНС-РУЭС», трэцяе – «Райвыканкам-СДЮШАР».

І вось яно – урачыстае закрыццё спартакіяды. Парад пераможцаў і прызёраў у асобных відах. Каманды з нецярпеннем чакаюць вынікі трохтыднёвага спартыўнага марафону.

Пераможцамі раённай спартакіяды сярод арганізацый і прадпрыемстваў на прызы раённага аб’яднання прафсаюзаў стала каманда «Райвыканкам-СДЮШАР», другое месца заваявала «РАНС-РУЭС», трэцяе – «РАУС-РГЗ».

Дыпломы, кубкі і пераходны сімвал пераможцы спартакіяды – керамічнага мядзведзя – камандам уручылі старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *