Почему в Шумилино невозможно отремонтировать холодильник?

Экономика

Рамонт халадзільніка без галаўнога болю? Не атрымаецца!
І халадзільнік, як любая рэч, можа псавацца. Зімой чалавек можа абысціся і без яго (калі, вядома, ёсць халодная веранда), летам жа без халадзільніка як без рук.
Гэтую  жыццёвую ісціну згадваеш кожны раз, як толькі замаўкае матор халадзільніка. “Куды яго здаць, каб адрамантавалі?” — з трывогай думаеш і ліхаманкава перабіраеш усе магчымыя варыянты.
Варыянт першы, які быў некалі самым выгадным і зручным, адпаў, як жоўты ліст па восені. Гэта варыянт — здаць халадзільнік у рамонт у Шуміліне. Быў некалі майстар, біў сваю машыну, збіраў няспраўныя халадзільнікі па раёне. Аднак ён кінуў свой промысел.
Варыянт другі — завезці халадзільнік у Полацк. Ёсць там Дом быту. Але ж для таго, каб завезці, патрэбна бартавая машына (халадзільнік трэба весці вертыкальна, тарчма). Заплаціш за транспарт, завязеш, памяняюць табе праз тыдзень камеру ці яшчэ што, і ты зноў заказваеш бартавую машыну. У якую капеечку выльецца паслуга? Не кажыце: залаты будзе рамонт! Тым больш, што табе далі гарантыю не на два ці тры гады — на месяц-другі. Добра, калі, як кажуць, добра, а калі зноў сапсуецца?.. Вось такі галаўны боль!..
Варыянт трэці — купіць новы халадзільнік. Ёсць яны ва ўнівермагу, хаця выбар невялікі. Таму вымушаны ехаць у той жа Полацк ці Віцебск. Выбіраеш, і калі табе пашчасціць з фірмай, то могуць і прывезці. Толькі “адлушчвай” купюры, бо за новы халадзільнік, нават “Атлант”, не ўкладзешся ў тры мільёны рублёў. Адным наскокам, за месяц, яго не купіш, трэба збіраць грошыкі.
Ёсць і апошні, самы просты варыянт: выкінуць халадзільнік на сметнік і перайсці на дзедаўскі спосаб захоўвання прадуктаў (варыўня, кублы для сала — калі, вядома, гадуеш парсюкоў). Але гэта пры ўмове, калі маеш асабняк. А што калі жывеш у кватэры?.. Ды і кажуць: выкідваць халадзільнік непажадана, бо ў ім ёсць шкодныя рэчывы…
Дык што — тупік?..
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №25 ад 27.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *