На президиуме районного Совета депутатов рассматривалась работа с обращениями граждан в Шумилинском районе

Актуалии Власть

Зварот — гэта клопат чалавека, яго боль
Мясцовая ўлада на тое і створана, каб на месцы знімаць многія пытанні ўладкаванасці чалавека. Дрэнна, калі ў сельскіх Саветах займаюцца адной “цякучкай”, мітусянінай, а пытанні рашаць даводзіцца на раённым узроўні. Таму калі ідзе з месцаў шквал скаргаў і зваротаў у вышэйстаячыя інстанцыі, мінаючы першае звяно ў дзяржаўным ланцугу, міжволі ўзнікае сумненне ў аўтарытэце і высокім рэйтынгу ўлады.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая вяла чарговае пасяджэнне прэзідыума, звярнула ўвагу на асобныя аспекты ў рабоце ўлады са зваротамі насельніцтва на месцы. Па-першае, няма належнага кантролю за рэалізацыяй пастаўленых у зваротах праблем, няма аналізу, не хапае планавасці. У арсенале павінны быць новыя падыходы, пошукі дзейсных форм работы. Ва ўвесь рост вырасла тэма хлявоў і наогул надворных пабудоў побач са шматкватэрным жыллём у вёсцы. Кіраўніцтва камунгасу не тлумачыць сваёй пазіцыі. А тлумачыць трэба даступна, аргументавана, каб чалавек зразумеў.
Праўда, тэма на рэдкасць далікатная, ёсць тут нямала аспектаў, якія патрабуюць узважанасці, больш шырокага абмеркавання з прыцягненнем юрыдычных службаў.
У якасці прыкладу прывялі сітуацыю ў в. Прыазёрная, дзе хлявы аварыйныя, іх трэба зносіць  безагаворачна, і зносіць сіламі камунгасу. Нягледзячы на тое, што пабудовы перадаваліся льнозаводам і што на балансе прадпрыемства яны ў свой час не стаялі. Або сітуацыя ў Мішневічах, дзе пасля вызвалення кватэры сусед заняў яго пустуючы хлеў, хаця меў свой, які давёў, як кажуць, да ручкі. Так што ў многіх аспектах тэмы надворных пабудоў павінна быць прававая база.  З прыходам вясны І. М. Новікава, само сабой, вяла гаворку пра добраўпарадкаванне, пра тое, каб парадак стаў аксіёмай жыцця кожнага з нас.
Па рабоце са зваротамі грамадзян і схеме яе ўдасканалення выступіла намеснік кіраўніка спраў райвыканкама Л. І. Казаравец. Па-ранейшаму шмат зваротаў па праблемах жыллёва-камунальнага характару, хаця ўсё ж пальму першынства камунальнікі перадалі абойме пытанняў транспартнага забеспячэння, рабоце ФАПаў на вёсцы. Нямала пытанняў “завісае”, прабуксоўвае іх рэалізацыя. Прыклад — ДРБУ-204, кіраўніцтва якога двойчы адсоўвала рашэнне праблемы па дарозе да вёскі Жданоўка Мішневіцкага сельсавета. Дакладней, таго ўчастка, які падтопліваецца ў час веснавой паводкі. Дырэктар прадпрыемства Р. М. Насцюшкін даводзіць: дарога “з’есць” трэць гадавога бюджэту дарожнікаў. Тым не менш, людзі вёскі адрэзаны ад свету, а з гэтым мірыцца нельга. Трэба падключаць раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, шукаць прыстойнае выйсце. І яшчэ па службе дарожнікаў. Зайшла гаворка пра ўстаноўку аўтапавільёнаў і аўтобусных прыпынкаў. Рашаецца ў гэтым накірунку нямала (у апошні час устаноўлены аўтапавільён побач з пасёлкам Заводскі на Каўлякоўшчыне, рыхтуецца пляцоўка ў аграгарадку Мішневічы), аднак зрабіць трэба ўсё ж не менш. Праграма 2012 года прадугледжвае ўстаноўку шасці павільёнаў, хаця раней за год дарожнікі спраўляліся паставіць не больш трох.
У выступленні Л. І. Казаравец гаворка вялася аб адкрыцці і абнаўленні праграмнага комплексу па рабоце са зваротамі, пра электронныя звароты, пра ўзаемаадносіны сельвыканкамаў з камунальнай і іншымі раённымі службамі.
І. М. Новікава засяродзіла ўвагу камунальнай службы (на пасяджэнне былі запрошаны в. а. дырэктара УП ЖКГ А. М. Догель і вядучы спецыяліст па прававой рабоце Я. І. Дзяменцьеў) на тое, каб асвойваліся новыя віды работ. Напрыклад, ачыстка калодзежаў. А. М. Догель спасылаўся на тое, што няма для гэтага кадраў, аднак у рамках аптымізацыі калектыву можна вучыць гэтаму рамяству кадры з любога падраздзялення.
Аб рабоце па аказанні натарыяльных дзеянняў у сельскіх Саветах з інфармацыяй выступіла галоўны спецыяліст райсавета дэпутатаў Т. Д. Барсукова.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №26 ад 30.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *